Мінск 15:46

Для далейшага пазбаўлення волі Статкевіча няма прававых падстаў — юрыст “Вясны”

Фота: "Белсат"

26 лістапада, Позірк. Для далейшага пазбаўлення волі апазіцыйнага палітыка Мікалая Статкевіча няма прававых падстаў нават у рамках дзеючага беларускага заканадаўства, заявіла юрыст праваабарончага цэнтра “Вясна” Святлана Галаўнёва.

Яна аргументавала свой пункт гледжання тым, што нацыянальнае заканадаўства не прадугледжвае магчымасці адмены памілавання за выключэннем выпадкаў здзяйснення чалавекам новага злачынства на працягу неадбытага тэрміну пакарання (ч. 3 арт. 96 Крымінальнага кодэкса).

Аднак, як раней паведаміла Міністэрства ўнутраных спраў, Статкевіч, “адбывае пакаранне ў адпаведнасці з прысудам ад 14.12.2021”.

Адзначым, што ў публічным доступе не быў апублікаваны ўказ аб памілаванні вызваленых палітвязняў і Статкевіча. Такім чынам дакладнай інфармацыі аб іх статусе ў Беларусі, падставе для вызвалення няма.

Мікалай Статкевіч быў затрыманы ў траўні 2020 года. 14 снежня 2021 года суддзя Мікалай Доля на выязным пасяджэнні Гомельскага абласнога суда прыгаварыў палітыка да 14 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах асаблівага рэжыму ў рамках палітычна матываванай справы.

11 верасня 2025 года Статкевіч і яшчэ 51 вязень быў вызвалены ў рамках здзелкі паміж адміністрацыяй прэзідэнта ЗША Дональда Трампа і Аляксандрам Лукашэнкам.

Умовай быў выезд за мяжу. Вызваленых павезлі ў Літву, аднак Статкевіч адмовіўся выконваць умову Лукашэнкі. Некаторы час ён правёў паміж памежнымі пераходамі Каменны Лог (Беларусь) і Мядзінінкай (Літва), пасля чаго вярнуўся на беларускую тэрыторыю.

Яго далейшы лёс няясны. У атачэнні палітыка не выключылі, што яго вярнулі ў калонію ў Глыбокім (Віцебская вобласць), дзе ён дагэтуль утрымліваўся. Жонка апазіцыйнага лідара Марына Адамовіч падала ў міліцыю заяву ў сувязі з яго знікненнем. 17 верасня яна наведала калонію ў Глыбокім, дзе ёй адмовіліся пацвердзіць месцазнаходжанне мужа, паабяцаўшы, што адказ будзе дадзены “ў пісьмовым выглядзе” ў 15-дзённы тэрмін.

17 верасня на “сустрэчы з ідэалагічным актывам, гістарычнай і экспертнай супольнасцю” ў Мінску, прысвечанай “дню народнага адзінства”, Лукашэнка выказаўся пра сваіх палітычных апанентаў, якіх выпускаюць на волю. Паводле яго слоў, “некаторыя здзяйснялі і прыстойныя злачынствы”.

“Ну [возьмем] нават вось гэтага Статкевіча. Ну, чалавек ужо на зыходзе. Ён жа ўжо хутка памрэ, не дай бог, у турме (Статкевічу 69 гадоў, Лукашэнку 71 год. — “Позірк”.). Ну навошта гэта трэба? Ну, ён хоча быць лідарам. Туды зайшоў — здаецца, на нейтральную ці куды паласу, перайшоў да літоўцаў, хлопцы спыталі: “Ты што, у Беларусь хочаш? Ты ж у турму пойдзеш. — Пайду ў турму”, —  прывёў Лукашэнка нібыта словы Статкевіча.

“Ну, добра. Забралі яго. Не кінуць яго, усё ж такі наш чалавек, грамадзянін, дакладней, наш. Ну, забралі яго ў Беларусь. Навошта крыўдзіць? Але калі ён хоча лідарам быць па спальванні аўтамабіляў і дамоў міліцыі, то няхай там знаходзіцца”, — сказаў Лукашэнка, не ўдакладніўшы месцазнаходжанне Статкевіча.

Падзяліцца: