Мінск 14:18

Дыпламаты Беларусі і РФ прасоўвалі ў Бельгіі канцэпцыю “еўразійскай бяспекі”

Фота на старонцы МЗС Беларусі ў "Фэйсбуку"

28 лістапада, Позірк. Дыпламаты Беларусі і Расіі прасоўвалі ў Бельгіі канцэпцыю “еўразійскай бяспекі”, вынікае з паведамлення, апублікаванага 28 лістапада на старонцы беларускага Міністэрства замежных спраў у “Фэйсбуку”.

Паводле інфармацыі знешнепалітычнага ведамства, беларуская і расійская амбасады ў Бруселі арганізавалі “тэматычнае экспертнае мерапрыемства” пад назвай “Еўразійская бяспека — выклікі і перспектывы”. Сцвярджаецца, што ў ім удзельнічала “больш за 80 гасцей”, у ліку якіх былі “прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса, эксперты і аналітыкі краін Афрыкі, Блізкага Усходу, Еўропы, Лацінскай Амерыкі і Паўднёва-Усходняй Азіі”, а таксама члены Еўрапарламента.

Удзельнікам сустрэчы паказалі “відэападборку ключавых выступленняў” на III Мінскай міжнароднай канферэнцыі па еўразійскай бяспецы, якая адлюстроўвае “падыходы да пытанняў еўразійскай бяспекі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, міністраў замежных спраў Расіі і Венгрыі, прадстаўнікоў КНР, Індыі, Ірана, М’янмы, а таксама кіраўніцтва Нарады па ўзаемадзеянні і мерах даверу ў Азіі”.

Акрамя таго, была прадстаўленая “аналітычная прэзентацыя пра ўсё большы патэнцыял краін БРІКС і глабальнай большасці ў вызначэнні контураў таго шматпалярнага свету, які цяпер фармуецца”.

Адзначаецца, што з дакладамі выступілі часовы павераны ў справах Беларусі Сяргей Панасюк, амбасадар РФ у Бельгіі Дзяніс Ганчар, а таксама — “па відэасувязі — кіраўнік Савета па міжнародных стасунках “Мінскі дыялог” Яўген Прэйгерман і генеральны дырэктар Расійскага савета па міжнародных справах Іван Цімафееў”.

“Удзельнікам было прадстаўлена сумеснае беларуска-расійскае канцэптуальнае бачанне Еўразійскай хартыі разнастайнасці і шматпалярнасці ў XXI стагоддзі, а таксама тэматычны артыкул міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Максіма Рыжанкова, — гаворыцца ў паведамленні. — У сваім выступе Сяргей Панасюк даў комплексную ацэнку актуальнай міжнароднай абстаноўкі, адзначыўшы, што аднабаковыя дзеянні асобных заходніх дзяржаў, якія падрываюць прынцып роўнай і непадзельнай бяспекі, ствараюць дадатковыя рызыкі для кантынентальнай стабільнасці”.

Беларускі дыпламат заявіў, што “на фоне выклікаў, якія нарастаюць”, Беларусь ініцыявала “шырокае абмеркаванне канцэпцыі Еўразійскай хартыі разнастайнасці і шматпалярнасці як абноўленай асновы для фарміравання ўсёабдымнай інклюзіўнай архітэктуры бяспекі ў Еўразіі”.

“У ходзе абмеркавання былі падрабязна выкладзеныя ключавыя прынцыпы хартыі: прызнанне шматпалярнасці як аб’ектыўнай сусветнай рэальнасці; цэнтральная роля Еўразійскага кантынента ў тым міжнародным парадку, які цяпер фармуецца; павага да культурнай і цывілізацыйнай разнастайнасці; умацаванне ролі ААН як галоўнага ўніверсальнага механізму міжнароднага ўзаемадзеяння; фармаванне новай панкантынентальнай архітэктуры супрацы ў сферы бяспекі, эканомікі і культуры; развіццё сінэргіі інтэграцыйных аб’яднанняў Еўразіі (уключаючы ЕАЭС, АДКБ, СНД, ШАС, НУМДА, ЛАД, ССАДЗ, Саюзная дзяржава); недапушчэнне знешняга ўмяшання ў рэгіянальныя працэсы”, — заявіў МЗС.

Панасюк, як паведамляецца, “выказаў спадзеў на актыўную дыскусію ўсіх бакоў, уключаючы краіны Захаду пра праблему еўразійскай бяспекі на розных пляцоўках у шматбаковым, двухбаковым фарматах”.

Ці абмяркоўвалася на сустрэчы тое, як на еўразійскую бяспеку паўплывала развязаная Расіяй поўнамаштабная агрэсія супраць Украіны, у якой афіцыйны Мінск садзейнічае Крамлю, не ўдакладняецца.

Падзяліцца: