Мінск 20:13

Трое грамадзян Беларусі затрыманыя ў Польшчы за “дзейнасць у інтарэсах замежнай выведкі”

Ілюстрацыйнае фота: ABW

28 лістапада, Позірк. За “дзейнасць у інтарэсах замежнай выведкі” ў Польшчы затрымана пяць чалавек: двое ўкраінцаў і трое грамадзян Беларусі, паведамляе пракуратура краіны.

Затрыманні 25 і 26 лістапада праводзілі супрацоўнікі Агенцтва ўнутранай бяспекі (ABW) і паліцыі.

Адзначаецца, што з сакавіка 2024 года да лютага 2025-га затрыманыя займаліся на тэрыторыі Польшчы “ўстанаўленнем кантакту з прадстаўнікамі замежнай выведкі праз месенджар “Тэлеграм“ і выкананнем даручаных заданняў, у тым ліку вырабам і перадачай фатаграфічнай дакументацыі аб’ектаў крытычнай інфраструктуры і месцаў, якія маюць ключавое значэнне для бяспекі дзяржавы“.

Сярод іншага яны “рабілі і перадавалі фатаграфіі аб’ектаў крытычнай інфраструктуры, расклейвалі плакаты і наносілі графіці ў Жэшуве, Варшаве, Лодзі і іншых населеных пунктах“.

За выкананыя заданні ўкраінцы і беларусы атрымлівалі ўзнагароду ў крыптавалюце.

Узбуджаная крымінальная справа, падазраваным пагражае ад 5 да 30 гадоў зняволення.

Двое беларускіх грамадзян, мужчына і жанчына, арыштаваныя на тры месяцы. Яшчэ на аднаго беларуса “ў сувязі з дрэнным станам здароўя” накладзеная забарона на выезд з Польшчы.

16 сакавіка 2023 года Марыюш Каміньскі, які займаў на той час пасаду міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы, паведаміў, што Агенцтва ўнутранай бяспекі затрымала дзевяць замежнікаў па падазрэнні ў супрацоўніцтве з расійскімі спецслужбамі.

Паводле слоў Каміньскага, доказы ўказваюць на тое, што група займалася маніторынгам чыгуначных маршрутаў. Па справе групы, абвінавачанай у шпіянажы на карысць РФ, праходзіла 16 чалавек, у тым ліку тры грамадзяніна Беларусі. 19 снежня 2023 года акруговы суд у Любліне прысудзіў да зняволення 14 фігурантаў.

У справаздачы амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW), апублікаванай у кастрычніку гэтага года, гаварылася, што Масква і Мінск могуць правесці дыверсійныя аперацыі супраць крытычна важных аб’ектаў інфраструктуры ў Польшчы, а таксама арганізаваць дадатковыя ўварванні беспілотнікаў, усклаўшы віну за гэта на Кіеў.

15 і 17 лістапада ў Польшчы адбылося два інцыдэнты на чыгунцы. Спачатку стала вядома пра няспраўнасці ў чыгуначнай інфраструктуры ў раёне населенага пункта Жычын (Мазавецкае ваяводства) у люблінскім кірунку. Шляхі былі пашкоджаныя выбухам, непадалёк выяўлена яшчэ адна выбуховая прылада, якая не здэтанавала, паведамлялі польскія СМІ.

Другі інцыдэнт адбыўся пад Пулавамі (Люблінскае ваяводства), дзе была пашкоджана чыгуначная кантактная сетка.

18 лістапада прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск паведаміў, што дыверсію на польскай чыгунцы здзейснілі грамадзяне Украіны, якія пасля гэтага пакінулі краіну праз пункт пропуску Цярэспаль, выехаўшы ў Беларусь.

Падзяліцца: