Польшча падоўжыла абмежаванні на выкарыстанне паветранай прасторы ўздоўж мяжы з Беларуссю
28 лістапада, Позірк. Польскае агенцтва аэранавігацыйнага абслугоўвання 28 лістапада падоўжыла да 9 сакавіка 2026 года абмежаванні на свабоднае выкарыстанне часткі польскай паветранай прасторы ўздоўж мяжы з Украінай і Беларуссю.
Як адзначаецца на сайце агенцтва, рашэнне прынятае на запыт аператыўнага камандавання Узброеных сіл Польшчы.
Удакладняецца, што “абмежаванні не датычацца пасажырскай авіяцыі, паколькі ўзровень абмежавання складае — FL095, гэта значыць зона ад зямлі да вышыні каля 3 км”. Глыбіня зоны складае ад 26 да 50 км углыб краіны “ў залежнасці ад месца”, гаворыцца ў паведамленні.
“Авіяцыя GA (у асноўным малыя і рэкрэацыйныя самалёты) можа выконваць палёты днём пры ўмове падачы плана палёту, а таксама наяўнасці радыёстанцыі і адказчыка; уначы такія аперацыі забароненыя”, — адзначаецца на сайце.
Таксама “дапускаецца выкананне палётаў ваенных паветраных судоў, аперацый па паролі GARDA, ALPHA SCRAMBLE, а таксама аперацый са статусам HEAD, STATE, SAR, HOSP, MEDEVAC, FFR”.
“Выкананне грамадзянскіх палётаў беспілотных паветраных судоў магчымае днём пры ўмове непарушнасці зон ADIZ Беларусі і Украіны (зон ідэнтыфікацыі супрацьпаветранай абароны); начныя палёты па-ранейшаму забароненыя”, — падкрэслівае агенцтва.
Паведамляецца, што пасля каардынацыі з Дзяжурнай аператыўнай службай Цэнтра паветраных аперацый — Камандавання паветранага кампанента магчыма правядзенне аперацый дзяржаўнай авіяцыі і авіяцыі санітарнай службы, а таксама аперацый, што выконваюцца з мэтай аказання дапамогі ў выпадках пагрозы жыццю або здароўю людзей або жывёл, асабліва пры стыхійных бедствах, катастрофах, экалагічных пагрозах або аварыйных сітуацыях, а таксама дзеянняў, звязаных з аховай і кантролем крытычнай інфраструктуры.
Абмежаванні ў паветранай прасторы на ўсходзе Польшчы з’яўляюцца рэгулярнай практыкай, якая ўводзіцца на запыт вайскоўцаў з моманту пачатку вайны ва Украіне, адзначае агенцтва.
Беспалётная зона ўздоўж мяжы з Беларуссю і Украінай была ўведзена па прапанове аператыўнага камандавання Узброеных сіл Польшчы з 1 гадзіны ночы па мінскім часе 11 верасня да 2 гадзін 59 хвілін 10 снежня 2025 года, такім чынам яе дзеянне падоўжанае яшчэ на тры месяцы.
Тады паведамлялася, што забарона дзейнічае кругласутачна для грамадзянскай авіяцыі, за выключэннем дзяржаўнай, санітарнай, а таксама пры выкананні палётаў, звязаных з аказаннем дапамогі людзям або жывёлам (падчас стыхійных бедстваў, экалагічных катастроф і іншых надзвычайных сітуацый), абаронай і кантролем крытычна важнай інфраструктуры, а для астатніх відаў авіяцыі, акрамя ваеннай, забарона дзейнічае ў перыяд паміж заходам і ўзыходам сонца.
Беспалётная зона была ўведзеная “для гарантавання нацыянальнай бяспекі” на наступны дзень пасля масавага ўварвання расійскіх дронаў у польскую паветраную прастору (у тым ліку з беларускай тэрыторыі) — першага з пачатку поўнамаштабнай агрэсіі РФ супраць Украіны.

- Грамадства
- Бяспека, Палітыка
- ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 27–28 лістапада 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Эканоміка
- Эканоміка
- ЭканомікаПагалоўе свіней за год зменшылася амаль на 6% — Белстат (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- ЭканомікаТолькі ў двух рэгіёнах знізілася сума чыстай страты ў сярэднім на адну арганізацыюМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства

