Мінск 16:15

Прэм’ер Ізраіля вылучыў на пасаду кіраўніка “Масада” кандыдатуру ўраджэнца Беларусі

Раман Гофман і Беньямін Нетаньяху
Фота: прэс-служба прэм'ера Ізраіля

4 снежня, Позірк. Прэм’ер-міністр Ізраіля Біньямін Нетаньяху абвясціў пра рашэнне прызначыць свайго вайсковага сакратара — ураджэнца Беларусі — генерал-маёра Рамана Гофмана наступным кіраўніком Службы выведкі і спецыяльных заданняў (“Масад”), вынікае з паведамлення, якое 4 снежня апублікаваў сайт навін newsru.co.il.

“Кандыдатура Рамана Гофмана пасля серыі размоў з рознымі прэтэндэнтамі накіраваная на разгляд кансультатыўнай камісіі па прызначэнні на найвышэйшыя пасады. Канчатковае зацвярджэнне прызначэння адбудзецца пасля праходжання ўсіх неабходных працэдур”, — гаворыцца ў матэрыяле.

Калі працэдуры пройдуць паспяхова, Гофман зменіць на пасадзе дзейнага дырэктара “Масада” Давіда Барнэа, чыя пяцігадовая кадэнцыя завершыцца ў чэрвені 2026 года.

Адзначаецца, што Гофман быў першым прадстаўніком “вялікай аліі” (масавая рэпатрыяцыя яўрэяў і членаў іх сем’яў у Ізраіля з СССР і краін СНД, што распачалася ў 1989 годзе і завяршылася на пачатку 2000-х), які атрымаў званне брыгаднага генерала (у 2019 годзе). Камандаваў 7-й бранятанкавай брыгадай “Саар мі-Галан” і разгорнутай на Галанскіх вышынях 210-й тэрытарыяльнай дывізіяй “А-Башан”.

7 кастрычніка 2023 года, будучы камандуючым Цэнтрам баявой падрыхтоўкі сухапутных войскаў, Гофман адправіўся ў Сдэрот, каб узяць удзел у адбіцці нападу ХАМАСа на Ізраіль. Атрымаў цяжкае раненне ў баі. У красавіку 2024 года Гофман быў прызначаны вайсковым сакратаром прэм’ера і стаў першым генерал-маёрам “вялікай аліі”.

Раман Гофман нарадзіўся ў Мазыры (Гомельская вобласць) у 1976 годзе, рэпатрыяваўся ў Ізраіль разам з бацькамі ў 1990-м.

Выхадцамі з Беларусі былі таксама прэзідэнты Ізраіля Хаім Вейцман (першы кіраўнік дзяржавы), Залман Шазар і Шымон Перэс (таксама быў прэм’ер-міністрам); прэм’еры Менахем Бегін, Іцхак Шамір і Шымон Перэс, “бацька” сучаснага іўрыта Эліэзер Бэн-Іегуда ды іншыя вядомыя ў Ізраілі асобы.

“Масад” — нацыянальная выведвальная служба Ізраіля, адна з асноўных трох спецслужбаў краіны разам з вайсковай выведкай і контрвыведкай. Знаходзіцца пад юрысдыкцыяй прэм’ер-міністра Ізраілю.

У сферу дзейнасці “Масада” уваходзяць непасрэдна выведка, правядзенне розных аперацый пад прыкрыццём і контртэрарыстычных аперацый.

Ведамства працуе над выкананнем шэрагу ключавых задач, сярод якіх прадухіленне тэрактаў і дыверсій у дачыненні да яўрэяў і ізраільскіх аб’ектаў як унутры краіны, так і за мяжой, эвакуацыя і рэпатрыяцыя яўрэяў, якім пагражае небяспека, своечасовае выяўленне ваеннай пагрозы, процідзеянне ядзерным праграмам варожых да Ізраілю краін.

У кастрычніку 2012 года экс-кіраўніку “Масада” (2002–2011) Меіру Дагану, які змагаўся з анкалагічным захворваннем, правялі ў Мінску паспяховую аперацыю па перасадцы печані, пасля якой ён пражыў яшчэ 3,5 года (памёр у сакавіку 2016-га ва ўзросце 71 года).

Падзяліцца: