Мінск 16:08

ЗША падтрымаюць намаганні Літвы па вяртанні грузавікоў, што захраслі ў Беларусі — Ругінене

Ілюстрацыйнае фота: ДМК

4 снежня, Позірк. Злучаныя Штаты Амерыкі падтрымаюць намаганні Літвы па вяртанні грузавікоў, што захраслі ў Беларусі, паведаміла інфармагенцтва ELTA са спасылкай на прэм’ер-міністр гэтай балтыйскай дзяржавы Інгу Ругінене, якая, паводле яе ўласных слоў, атрымала адпаведнае пацвярджэнне ад прадстаўнікоў ЗША.

Кіраўніца літоўскага ўрада, заяву якой перадрукаваў партал навін Delfi, таксама паведаміла, што з амерыканцамі “вядуцца размовы пра магчымасць прызнаць гібрыдныя атакі, якія ажыццяўляе рэжым у Мінску, тэрарыстычнымі дзеяннямі”.

“Я рада, што ўжо правяла размову з амерыканцамі, вельмі спадзяюся, што ў найбліжэйшы час у мяне будзе сустрэча сам-насам, мне здаецца, мы маем пра што размаўляць, — заявіла журналістам 4 снежня Ругінене. — На сённяшні дзень я маю запэўненне адносна іх падтрымкі, што ні для каго не з’яўляецца прымальным, што Беларусь сёння трымае ў закладніках аўтамабілі нашых перавозчыкаў, што шары з боку Беларусі ляцяць да нашых стратэгічных аб’ектаў”.

“Мы кажам пра тое, што такія дзеянні могуць быць прызнаныя тэрарызмам”, — дадала яна.

Ругінене таксама паведаміла, што ў сувязі з працяглым фактам “запуску шароў” з тэрыторыі Беларусі ў бок Вільнюскага аэрапорта Літва прапанавала авіяперавозчыкам ільготныя ўмовы для павелічэння рэйсаў у аэрапорт Каўнаса. Канчатковае рашэнне маюць прыняць самі кампаніі.

Кіраўніца літоўскага ўрада анансавала размову са спецпасланнікам прэзідэнта ЗША па Беларусі Джонам Коўлам 2 снежня. “Паколькі ён рыхтуецца да паездкі ў Беларусь, сёння ў нас будзе размова па розных пытаннях. Гэта тычыцца, у прыватнасці, сітуацыі не толькі з шарамі, але і з перавозчыкамі”, — сказала яна тады.

Як паведамляў “Позірк”, 3 снежня часоваму паверанаму ў справах Беларусі, выкліканаму ў МЗС Літвы, была ўручаная чарговая нота пратэсту. Зроблена гэта было праз “працяглую гібрыдную атаку на Літву з тэрыторыі Беларусі, якая парушае працу Вільнюскага міжнароднага аэрапорта і стварае пагрозу бяспецы грамадзянскай авіяцыі”, а таксама ў сувязі з “працяглым наўмысным адабраннем і недапушчэннем ва ўезд на тэрыторыю Літвы цягачоў, прычэпаў і паўпрычэпаў, што зарэгістраваныя ў Еўрапейскім саюзе або належаць фізічным або юрыдычным асобам ЕС”.

Папярэдні раз беларускага дыпламата для выстаўлення прэтэнзій выклікалі ў літоўскае знешнепалітычнае ведамства 24 лістапада.

Напрыканцы кастрычніка Вільнюс закрыў пункты пропуску Мядзінінкай (з беларускага боку — Каменны Лог) і Шальчынінкай (Беняконі), дамагаючыся такім чынам рэакцыі Мінска на масавы прылёт з Беларусі паветраных шароў з кантрабандай, што перашкаджалі ў тым ліку грамадзянскай авіяцыі Літвы.

Пагранпераходы аднавілі працу 20 лістапада. За тры тыдні, пакуль яны былі закрытыя, рэжым Лукашэнкі паспеў пастрожыць правілы знаходжання ў краіне літоўскага грузавога транспарту, увязаўшы іх з працай пунктаў пропуску. У Беларусі захрасла каля 1,3 тыс. зарэгістраваных у Літве грузавікоў, якія не могуць выехаць з краіны нават пры адкрытай мяжы.

Пры гэтым Мінск настойвае, што далейшыя перамовы з Вільнюсам па гэтым пытанні павінны весціся на палітычным узроўні, Літва (прынамсі публічна) спрабуе пазбегнуць гэтага. Такія кантакты, на думку ўладаў балтыйскай дзяржавы, будуць азначаць легітымацыю беларускага рэжыму.

З вечара 3 снежня з прычыны “гібрыднай атакі Беларусі супраць Літвы, грамадзянскай авіяцыі і грамадства”, а таксама праз “характэрныя для паветраных шароў навігацыйныя знакі, зафіксаваныя ў небяспечных для авіяцыі зонах”, паветраная прастора над аэрапортам Вільнюса закрывалася тройчы.

Падзяліцца: