Мінск 22:08

Польшча працягнула дзеянне буфернай зоны на мяжы з Беларуссю на чарговыя тры месяцы

4 снежня, Позірк. Дзеянне буфернай зоны на польска-беларускай мяжы прадоўжана яшчэ на тры месяцы (з 5 снежня 2025 года да 5 сакавіка 2026 года). Адпаведную пастанову падпісаў міністр унутраных спраў і адміністрацыі Марцін Кервінскі.

Як адзначана на сайце ведамства, рашэнне “звязана з міграцыйным ціскам з боку Беларусі”. Адзначаецца, што “буферная зона служыць для абароны дзяржаўнай мяжы і барацьбы з кантрабандыстамі, якія на польскім баку забіраюць людзей, якія спрабуюць незаконна перасекчы мяжу”.

Ведамства нагадвае, што забарона на знаходжанне на пэўнай тэрыторыі ў прыгранічнай зоне, якая прылягае да дзяржаўнай граніцы з Беларуссю, дзейнічае з 13 чэрвеня 2024 года і прадаўжаецца кожныя 90 дзён.

Удакладняецца, што зона, на якую распаўсюджваецца забарона, будзе ахопліваць участак мяжы даўжынёй больш за 78 км, размешчаны ў межах адказнасці памежных застаў у Міхалове, Нараўцы, Белавежы, Дубічах-Царкеўных і Чарэмсе (Падляскае ваяводства).

На ўчастку каля 59 км тэрыторыя, ахопленая забаронай, складае 200 м ад лініі дзяржаўнай мяжы. На ўчастку больш за 15 км, размешчаным у раёне прыродных запаведнікаў, шырыня зоны складае каля 2 км, а на ўчастку каля 4 км яе шырыня ўглыб краіны дасягае прыкладна 4 км.

“Мы з задавальненнем назіраем зніжэнне міграцыйнага ціску, але на гэтым этапе не лічым гэта ўстойлівым працэсам, і таму будзем прымяняць усе меры, якія дазволілі нам спыніць незаконную міграцыю па гэтым маршруце”, — заявіў намеснік міністра Чэслаў Мрочак.

На сайце ведамства зазначаецца, што “буферная зона таксама з’яўляецца інструментам барацьбы з кантрабандыстамі”: “З верасня ў раёне польска-беларускай мяжы былі затрыманы 40 чалавек, якія арганізуюць або садзейнічаюць кантрабандзе”.

“За два гады ўрад выдзеліў амаль 3 млрд злотых (каля 830 млн долараў) на ўзмацненне аховы польска-беларускай мяжы. узрасла да 98%”, — гаворыцца ў рэлізе.

Як адзначаў “Позірк”, лістапад стаў першым у 2025 годзе месяцам, калі лідэрства па колькасці прадухіленых спробаў парушэння мяжы з беларускай тэрыторыі перайшло ад Польшчы (400) да Латвіі (661).

За 11 месяцаў 2025 года Польшча спыніла 28.835 спроб мігрантаў незаконна трапіць у краіну з боку Беларусі, што на 3,8% менш, чым за аналагічны леташні перыяд (29.972).

Пры гэтым апоўначы 17 лістапада па варшаўскім часе (а 2 гадзіне па менскім) аднавілі працу закрытыя раней Варшавай пункты пропуску Кузніца Беластоцкая (Брузгі) і Баброўнікі (Бераставіца) на польска-беларускай мяжы.

Міграцыйны крызіс на граніцы Беларусі і краін ЕС прадаўжаецца з вясны 2021 года. Улады суседніх еўрапейскіх дзяржаў лічаць яго “гібрыднай атакай”, арганізаванай рэжымамі ў Мінску і Маскве.

Аляксандр Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што беларускія памежнікі не будуць спыняць нелегальных мігрантаў, якія ідуць у Еўрасаюз праз Беларусь, таму што іх туды нібыта паклікалі.

Падзяліцца: