Мінск 20:24

Мінск утрымлівае 185 літоўскіх грузавікоў і паўпрычэпаў — мытня Літвы

Ілюстрацыя: lrt.lt

9 снежня, Позірк. Мінск утрымлівае 185 літоўскіх грузавікоў і паўпрычэпаў, паведамляе LRT са спасылкай на Мытны дэпартамент Літвы.

Паводле слоў намесніцы кіраўніка дэпартамента Давіле Краўлайдэне, гэта 91 грузавік і 49 прычэпаў, якія належаць Нацыянальнай асацыяцыі аўтаперавозчыкаў Linava, а таксама 28 грузавікоў і 17 прычэпаў, не звязаных з асацыяцыяй. Таксама ўстаноўлена, што некалькі грузавікоў маюць расійскія рэгістрацыйныя нумары.

Разам з тым асацыяцыя публічна сцвярджала, што ў Беларусі застаецца каля 4 тыс. транспартных сродкаў, з якіх 1,25 тыс. — грузавікі.

У сваю чаргу дарадца прэм’ер-міністра Ігнас Альгірдас Дабравольскас заклікае перавозчыкаў весці сумленны дыялог і даваць “добрасумленныя лічбы”, паколькі гэта спрасціла б вяртанне грузавікоў.

На просьбу Linava Міжнародны саюз аўтаперавозчыкаў (IRU) на мінулым тыдні звярнуўся ў Дзяржаўны мытны камітэт Беларусі і да міністра транспарту і сувязі з просьбай патлумачыць прычыны затрыманняў, даць іх колькасць з рэгістрацыйнымі данымі і ўказаннем месцазнаходжання. Адказу атрымана не было.

Літоўскія грузавыя транспартныя сродкі ў Беларусі знаходзяцца на спецпляцоўках, дзе за кожны грузавік або паўпрычэп спаганяецца плата 120 еўра ў дзень, а праз чатыры месяцы стаянкі Мінск абяцае іх канфіскаваць, адзначае LRT.

9 снежня Аляксандр Лукашэнка заклікаў Літву вырашаць за сталом перамоў праблему з захраслымі ў Беларусі грузавікамі. “Калі яны (аўтамабілі. — “Позірк”.) валяюцца на абочыне дарогі, можа, у Літве гэта нармальна. У нас гэта непрымальна. Мы іх размясцілі на стаянках, ахоўваем, каб ніхто не ўлез у гэтыя аўтамабілі, каб груз захаваўся, — цытуюць спікера дзяржСМІ. — Не трэба “на дурніцу” крычаць гвалтам і шумець. Не трэба прыцягваць амерыканцаў, расіян або ўкраінцаў. Гэты нумар не пройдзе. Гэтая тэма ляжыць у плоскасці нашых перамоў і нашых адносін”, — сказаў Лукашэнка на пасяджэнні Савета бяспекі.

“Мы з народам Літвы заўсёды дамовімся. Як і з палякамі. Гэта нашы людзі. А калі хочаце нармальных стасункаў — садзіцеся за стол перамоў і абмяркоўвайце гэтыя праблемы. Мы да гэтага гатовыя. Іншых варыянтаў няма”, — заявіў Лукашэнка.

Паводле інфармацыі дзяржСМІ, ён агучыў “пункты, якія цікавяць беларускі бок” на патэнцыйных перамовах з Літвой: “Вярніце нам 17 або 20 аўтамабіляў, якія вы скралі. Пажарныя аўтамабілі, якія пастаўлялі ў Зімбабвэ. Нармалізуйце працу нашага санаторыя, дзе мы лячылі чарнобыльскіх дзяцей. Яны ў дзяцей адабралі фактычна санаторый. І вярніце нам грошы за тое, што мы там будавалі порт”.

Паведамляецца таксама, што Лукашэнка выказаўся наконт “шароў з цыгарэтамі, якія лётаюць не то ў Літву, не то з Літвы”.

4 снежня прэм’ер-міністр Літвы Інга Ругінене заявіла, што ЗША падтрымаюць намаганні Вільнюса ў вяртанні захраслых у Беларусі грузавікоў. Паводле яе слоў, яна атрымала адпаведнае пацвярджэнне ад прадстаўнікоў Вашынгтона.

“На сённяшні дзень у мяне ёсць запэўніванне адносна іх падтрымкі, што ні для каго не з’яўляецца прымальным, што Беларусь сёння трымае ў закладніках аўтамабілі нашых перавозчыкаў, што шары з боку Беларусі ляцяць да нашых стратэгічных аб’ектаў. <…> Мы гаворым пра тое, што такія дзеянні могуць быць прызнаны тэрарызмам”, — адзначыла яна.

За некалькі дзён да гэтага, 2 снежня, кіраўніца літоўскага ўрада анансавала размову “па розных пытаннях” са спецпасланнікам прэзідэнта ЗША па Беларусі Джонам Коўлам, які “рыхтуецца да паездкі ў Беларусь”. “Гэта тычыцца, у прыватнасці, сітуацыі не толькі з шарамі, але і з захраслымі перавозчыкамі”, — сказала яна.

У канцы кастрычніка Вільнюс закрыў пункты пропуску Мядзінінкай (з беларускага боку — Каменны Лог) і Шальчынінкай (Беняконі), дамагаючыся такім чынам рэакцыі Мінска на масавы прылёт з Беларусі паветраных шароў з кантрабандай, якія перашкаджалі ў тым ліку грамадзянскай авіяцыі Літвы.

Пагранпераходы аднавілі працу 20 лістапада. За тры тыдні, пакуль яны былі закрытыя, рэжым Лукашэнкі паспеў пастрожыць правілы знаходжання ў краіне літоўскага грузавога транспарту, звязаўшы іх з працай пунктаў пропуску. Паведамлялася, што ў Беларусі затрымалася каля 1,3 тыс. зарэгістраваных у Літве грузавікоў, якія не могуць выехаць з краіны нават пры адкрытай мяжы.

9 снежня ўрад Літвы абвясціў экстранную сітуацыю дзяржаўнага ўзроўню праз “гібрыдную атаку Беларусі”. Рашэнне прынята “ў сувязі з пагрозай нацыянальнай бяспецы дзяржавы, якая доўжыцца, і небяспекай для жыцця і здароўя людзей, а таксама для маёмасці і (ці) наваколля, якая ствараецца тым, што на тэрыторыю Літвы з Беларусі запускаюцца паветраныя шары, якія перавозяць кантрабанду”.

Перамоў з Мінскам Літва (прынамсі публічна) імкнецца пазбегнуць. Такія кантакты, на думку ўладаў балтыйскай краіны, будуць азначаць легітымацыю беларускага рэжыму.

Падзяліцца: