Амбасадар Венесуэлы ў РФ зноў прыехаў да Лукашэнкі — пасля “ўзгаднення некаторых пытанняў” з Мадура

11 снежня, Позірк. Аляксандр Лукашэнка на чарговай сустрэчы з амбасадарам Венесуэлы ў Расіі Хесусам Рафаэлем Саласарам Веласкесам 11 снежня ў Мінску заявіў пра нейкае рашэнне, якое мае быць прынятае пасля ўзгаднення з прэзідэнтам гэтай лацінаамерыканскай краіны.
“Зусім нядаўна мы з вамі абмяркоўвалі шэраг праблем у нашых узаемаадносінах, [размаўлялі] пра сітуацыю вакол Венесуэлы, — цытуе беларускага палітыка яго прэс-служба. — Тады дамовіліся пра тое, што вы маеце ўзгадніць некаторыя пытанні з кіраўніцтвам Венесуэлы — Нікаласам Мадурам. Мы дамовіліся, што пасля ўзгаднення некаторых праблем, пытанняў вы знойдзеце час для таго, каб мы маглі яшчэ раз знайсці для нас адпаведнае рашэнне, якое знаходзіцца ў нашай кампетэнцыі. А калі патрэбна, потым мы падключым прэзідэнта Венесуэлы”.
На папярэдняй сустрэчы 25 лістапада ў Мінску Лукашэнка перадаў праз дыпламата запрашэнне “сябру” Нікаласу Мадуру наведаць Беларусь.
Пры гэтым палітык не выключыў магчымасці свайго візіту ў гэтую краіну ў Паўднёвай Амерыцы: “Я перакананы, што ў яго (Мадуры. — “Позірк”.) такое ж стаўленне і да мяне. Я буду ўсяляк імкнуцца да таго, каб знайсці час і наведаць Венесуэлу. Часы праблемныя, складаныя, цяжкія. Але тым не менш з любых палажэнняў і сітуацый можна знайсці выйсце, трэба толькі імкнуцца да гэтага. Вы гэта не горш за мяне разумееце”.
“Мы паслядоўна салідарныя з баліварыянскім урадам на чале з вамі і асуджаем любыя агрэсіўныя дзеянні супраць незалежнай Венесуэлы, якія неабгрунтавана напружваюць рэгіянальную абстаноўку ў Карыбскім басейне і Лацінскай Амерыцы”, — адзначаў Лукашэнка 23 лістапада, віншуючы Мадуру з 63-годдзем. Пры гэтым віншавальнік не канкрэтызаваў, што мае на ўвазе.
У апошнія месяцы абвастрыліся стасункі паміж Вашынгтонам і Каракасам. ЗША нарасцілі вайсковую групоўку ў Карыбскім моры і нанеслі некалькі ўдараў па малых судах з Венесуэлы. Афіцыйна — у сувязі з тым, што на іх перавозілі наркотыкі.
Паводле неафіцыйных звестак, амерыканскі прэзідэнт Дональд Трамп абмяркоўваў магчымасць ваеннага звяржэння Мадура. ЗША абвінавачваюць яго ў сувязях з наркагандлем, што той катэгарычна адмаўляе.
17 лістапада Трамп заявіў пра магчымасць перагавораў з кіраўніком венесуэльскага рэжыму, аднак у інтэрв’ю выданню Politico, апублікаваным 9 снежня, ён заявіў, што “дні Нікаласа Мадуры злічаныя”.
10 снежня прэзідэнт ЗША паведаміў, што амерыканскія ўлады захапілі “вельмі вялікі” нафтавы танкер ля ўзбярэжжа Венесуэлы. Кіраўнік Белага дома патлумачыў, што для захопу танкера былі “важкія прычыны”, і паабяцаў даць падрабязнасці пазней.
Неўзабаве пасля заявы Трампа генеральны пракурор ЗША Пэм Бондзі ўдакладніла, што ФБР, Міністэрства ўнутранай бяспекі і Берагавая ахова ЗША пры падтрымцы Міністэрства абароны “выканалі ордар на арышт нафтавага танкера, які выкарыстоўваўся для перавозкі санкцыйнай нафты з Венесуэлы і Ірана”.
У траўні ў Венесуэле адбыліся парламенцкія і рэгіянальныя выбары. Паводле афіцыйных даных, перамогу ў абедзвюх кампаніях атрымала кіроўная на чале з Мадурам кааліцыя “Вялікі патрыятычны полюс Сімона Балівара”. У парламенце блок атрымаў 256 з 285 месцаў. Апазіцыя заклікала да байкоту выбараў; паводле афіцыйных даных, яўка склала менш за 43%.
У ліпені 2024 года ў Венесуэле адбыліся прэзідэнцкія выбары, пераможцам якіх трэці раз быў абвешчаны Мадура. Згодна з афіцыйнай інфармацыяй, ён набраў 51,2% галасоў, нязначна апярэдзіўшы кандыдата аб’яднанай апазіцыі — былога дыпламата Эдмунда Гансалеса (44,2%). Паводле даных незалежных экзітполаў, Гансалеса падтрымала 65% выбаршчыкаў, а Мадуру — ад 14% да 31%.
Пасля выбараў у краіне пачаліся пратэсты апазіцыі. Паводле інфармацыі мясцовых СМІ, у Каракасе паліцыя і вайскоўцы прымянялі супраць пратэстоўцаў слезацечны газ і гумовыя кулі. Пратэсты былі канчаткова задушаныя летась на пачатку жніўня. Загінула сама меней 28 чалавек, каля 200 было паранена. Улады арыштавалі каля 2.000 чалавек, з’явіліся паведамленні пра тое, што некаторыя зазналі катаванні.
Пасля частка апанентаў рэжыму была адпушчаная з месцаў няволі.
Дэмакратычныя краіны не прызналі вынікі выбараў. Шэраг дзяржаў, у тым ліку ЗША, прызналі Гансалеса абраным прэзідэнтам. Ён быў вымушаны пакінуць краіну праз пагрозу арышту летась у верасні.
Беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская правяла некалькі сустрэч з Гансалесам.
10 снежня Ціханоўская ўзяла ўдзел у цырымоніі ўручэння Нобелеўскай прэміі міру ў Осла (Нарвегія) апазіцыйнаму венесуэльскаму палітыку Марыі Карыне Мачада (Венесуэла), якая і запрасіла беларускага дэмлідара наведаць гэтае мерапрыемства.
Мадура пачаў кіраваць Венесуэлай у 2013 годзе — пасля смерці ранейшага аўтарытарнага кіраўніка Уга Чавеса. Супраць Венесуэлы ўведзены шэраг міжнародных санкцый.

- Бяспека, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаЛітва і Польшча зафіксавалі першых пасля працяглага перапынку мігрантаў на сваіх межах з Беларуссю (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- ГрамадстваМінулым днём на беларускіх метэастанцыях зафіксавана амаль 20 тэмпературных рэкордаў (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства, ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 10 снежня 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства, Эканоміка


