Мінск 16:56

ЗША здымаюць санкцыі з беларускага калію — Коўл

Калійныя ўгнаенні
Ілюстрацыйнае фота: clearerimages.com

13 снежня, Позірк. Злучаныя Штаты Амерыкі здымаюць санкцыі з беларускага калію, паведамляюць дзяржаўныя СМІ са спасылкай на спецыяльнага пасланніка прэзідэнта ЗША па Беларусі Джона Коўла.

“У адпаведнасці з указаннямі прэзідэнта [Дональда] Трампа ЗША здымаюць санкцыі з калію. Думаю, гэта вельмі добры ход з боку ЗША для Беларусі. Мы іх здымаем зараз”, — заявіў амерыканскі дыпламат.

Паводле яго слоў, перамовы наконт абмежавальных працягнуцца.

“Па меры нармалізацыі стасункаў паміж дзвюма краінамі ўсё больш санкцый будзе здымацца”, — сказаў Коўл, выказаўшы спадзеў на тое, што надыдзе час, калі санкцый не будзе наогул.

Спецпасланнік Трампа назваў перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам у Мінску, якія вяліся 12 і 13 снежня, “вельмі прадуктыўнымі”.

“Мы размаўлялі пра вайну паміж Украінай і Расіяй, пра Венесуэлу. Прэзідэнт Лукашэнка згадаў шмат людзей і шмат рэчаў. У нас была вельмі добрая размова. Мы размаўлялі пра будучыню. Пра тое, як ісці па шляху збліжэння ЗША і Беларусі, каб нармалізаваць стасункі. Гэта наша мэта”, — сказаў ён.

На пытанне, што трэба для далейшай нармалізацыі стасункаў, Коўл адказаў: “Менавіта тое, што мы ўжо робім. Мы здымаем санкцыі, вызваляем вязняў. Мы пастаянна размаўляем адзін з адным”.

“Па меры таго, як мы становімся бліжэй і бліжэй, больш размаўляем, абменьваемся ідэямі, скажам так, ідзе працэс пераходу ад першых дзіцячых крокаў да ўжо больш упэўненых крокаў”, — сказаў дыпламат.

Адміністрацыя папярэдняга прэзідэнта ЗША Джо Байдэна ўвяла санкцыі ў дачыненні да “Беларуськалія” — найбуйнейшага беларускага вытворцы калійных угнаенняў — у жніўні 2021 года. Меры тычыліся здзелак з амерыканскімі кампаніямі, а таксама былі скіраваныя на абмежаванне экспарту беларускага калію на міжнародныя рынкі, у тым ліку ўскосна праз трэція краіны.

Варта адзначыць, што па-ранейшаму дзейнічаюць санкцыі ў дачыненні да беларускай калійнай галіны, уведзеныя Еўрапейскім саюзам.

Падзяліцца: