Мінск 20:44

Латвія заклікала сваіх грамадзян не наведваць Беларусь у перыяд навагодніх святаў

Ілюстрацыя: сайт СДБ

15 снежня, Позірк. Служба дзяржаўнай бяспекі (СДБ) Латвіі “настойліва рэкамендавала” жыхарам краіны ўстрымацца ад паездак у Беларусь і Расію падчас калядных і навагодніх святаў.

Як адзначае спецслужба, рызыкі, звязаныя з “выведкай, вярбоўкай і правакацыямі” на тэрыторыі гэтых краін, высокія.

Латвійскія ўлады маюць “абмежаваныя магчымасці для аказання дапамогі сваім грамадзянам, якія апынуліся ў цяжкім становішчы ў Расіі ці Беларусі”, гаворыцца ў заяве.

СДБ сцвярджае, што спецслужбы гэтых краін “без ваганняў будуць ужываць агрэсіўныя і незаконныя метады на іх тэрыторыі, каб прымусіць [замежнікаў] супрацоўнічаць”.

У выпадку, калі паездка ў адну з гэтых краін непазбежная, СДБ рэкамендуе не браць з сабой мабільны тэлефон, “асабліва калі ён змяшчае рабочую або канфідэнцыйную інфармацыю”.

“Дадзеныя з вашага мабільнага тэлефона могуць быць атрыманыя на памежным пункце, а таксама ён можа быць заражаны шпіёнскім ПА. Больш бяспечным варыянтам будзе мабільны тэлефон з перадаплочанай картай, ад якой вы зможаце пазбавіцца пасля паездкі. Таксама не варта браць з сабой кампутар, флэш-назапашвальнікі або іншыя носьбіты даных”, — падкрэслівае СДБ.

Выяўленне патэнцыйных мэтаў вярбоўкі, як адзначаецца, “адбываецца ўжо на памежных пунктах, дзе прадстаўнікі спецслужбаў выдаюць сябе за памежнікаў або выкарыстоўваюць іншае прыкрыццё”.

Паводле звестак Дзяржаўнага памежнага камітэта, з 15 красавіка 2022 года, калі быў уведзены бязвізавы рэжым, грамадзяне і неграмадзяне Латвіі 400.749 разоў наведвалі Беларусь.

Як адзначала 13 снежня прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі, “за апошні час з улікам рашэнняў, прынятых прэзідэнтам Беларусі ў канцы лістапада, агульная колькасць памілаваных асоб складае 156 чалавек, сярод іх — грамадзяне Вялікабрытаніі, ЗША, Літвы, Украіны, Латвіі, Аўстраліі, Японіі”.

У той дзень былі вызваленыя і вывезеныя з Беларусі 123 палітвязні.

Падзяліцца: