Мінск 19:33

Парламент Украіны заклікае не дапускаць беларускіх футбалістаў да спаборніцтваў пад эгідай УЕФА

Ілюстрацыйнае фота: Daniel Norin / unsplash.com

17 снежня, Позірк. Праект пастановы аб звароце да кіраўніцтва дэмакратычных краін Еўропы і Саюза еўрапейскіх футбольных асацыяцый (УЕФА) з заклікам не дапускаць нацыянальныя зборныя Беларусі і яе клубныя каманды да міжнародных спаборніцтваў пад эгідай УЕФА, “прыняла ў цэлым” Вярхоўная Рада Украіны.

Украінскі парламент, як адзначаецца на яго сайце, у дакуменце заклікае УЕФА “прыняць рашэнне пра поўную забарону” для зборных і клубаў Беларусі на ўдзел у спаборніцтвах, якія праводзяцца саюзам, “да поўнага спынення ўзброенай агрэсіі Расіі супраць Украіны і аднаўлення тэрытарыяльнай цэласнасці краіны ў лініях міжнародна прызнаных дзяржаўных межаў, уключаючы яе тэрытарыяльныя воды”.

Пакуль гэтыя ўмовы не выкананыя, Вярхоўная Рада прапануе кіраўнікам дзяржаў, парламентам і ўрадам дэмакратычных краін Еўропы “прыняць рашэнне пра абмежаванне ўезду на сваю тэрыторыю” для беларускіх спартсменаў і спартыўных дэлегацый.

Раней стала вядома, што Украіна дамагаецца ад УЕФА паніжэння зборнай Беларусі ў фінале Еўра-2026 па футзале да нейтральнага статусу.

У сувязі з поўнамаштабнай вайной, якую Расія распачала ў лютым 2022 года, выкарыстаўшы ў тым ліку тэрыторыю Беларусі, абедзве краіны пазбавіліся магчымасці браць удзел у большай частцы сусветных спартыўных спаборніцтваў. У апошніх Алімпійскіх гульнях атлеты дзвюх краін бралі ўдзел у нейтральным статусе.

Падзяліцца: