Мінск 11:56

У сувязі з падзеямі ў Венесуэле АПК яшчэ раз прапанаваў ўладам нацыянальны дыялог

Крыніца: АПК

8 студзеня, Позірк. Прапанова правесці нацыянальны дыялог змешчана ў звароце Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі да дэ-факта ўладаў Рэспублікі Беларусь у сувязі з арыштам Нікаласа Мадуры“.

Арышт Нікаласа Мадуры 3 студзеня 2026 года стаў у новай глабальнай палітыцы паказальным сігналам кожнаму аўтарытарнаму рэжыму: ні гады кіравання дзяржаўным апаратам, ні кантроль над войскам, ні знешняя падтрымка паплечнікаў не з’яўляюцца гарантыямі захавання ўлады“, — адзначае АПК.

“Усведамляючы сваю адказнасць за захаванне суверэнітэту Беларусі”, Кабінет пацвярджае ініцыятыву па правядзенні нацыянальнага дыялогу, выкладзеную ў заяве ад 9 жніўня 2025 года.

Мы настойваем на тым, што адзіным сродкам папярэджання калапсу дзяржаўнасці з’яўляецца арганізацыя Круглага стала для выхаду з палітычнага крызісу ў Беларусі. Менавіта ўнутранае грамадскае паразуменне патрэбна, каб забяспечыць стабільнасць падчас неабходнай для нашай краіны палітычнай трансфармацыі, выхад на цывілізаванае вырашэнне ўнутраных праблем, зняцце санкцый, вяртанне інвестыцый і аднаўленне канструктыўнага міжнароднага супрацоўніцтва, — лічыць АПК (арфаграфія захавана).

На думку аўтараў, “урок Каракаса паказвае, што вокны магчымасцяў закрываюцца хутка”, таму ігнараванне ініцыятывы круглага стала можа прывесці да сцэнароў, дзе цывілізаваны грамадскі дыялог будзе заменены іншымі некантраляванымі працэдурамі, якія могуць ствараць пагрозы незалежнасці.

Беларусы заслугоўваюць дэмакратычнага кіравання, устойлівага эканамічнага развіцця і нармалізацыі міжнародных адносінаў. Кожная службовая асоба мусіць несці адказнасць за выбар аптымальных шляхоў для паспяховага развіцця нашай краіны, — падкрэслівае АПК.

Прэзідэнт Венесуэлы Нікалас Мадура быў зрынуты 3 студзеня амерыканскімі вайскоўцамі.

Паводле распараджэння прэзідэнта Дональда Трампа ЗША нанеслі ўдары па аб’ектах на тэрыторыі Венесуэлы. У паветраную прастору краіны ўварвалася амерыканская авіяцыя.

У выніку ваеннай інфраструктуры быў нанесены ўрон. Мадура ўвёў у краіне надзвычайнае становішча, але неўзабаве стала вядома, што ён затрыманы і разам з жонкай вывезены ў ЗША, дзе паўстаў перад судом па крымінальных абвінавачваннях.

Вашынгтон адмаўляе абвінавачванні ў інтэрвенцыі і вайсковы харакіар аперацыі.

Раней Трамп неаднаразова пагражаў нанесці ўдары па Венесуэле, абвінавачваючы ўлады гэтай краіны ў “наркатэрарызме”. У 2025 годзе Вашынгтон павялічыў вайсковую прысутнасць ля берагоў Венесуэлы, амерыканскія вайскоўцы рэгулярна наносілі ўдары па малых судах, тлумачачы гэта тым, што яны перавозяць у ЗША наркотыкі.

Дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская 3 студзеня выказала надзею, што падзеі ў Венесуэле “прынясуць справядлівасць, свабоду і вяршэнства закона, якія венесуэльцы даўно заслужылі і за якія адважна змагаліся”: “Дыктатары не вечныя — і, падобна, сёння нелегітымны Лукашэнка страціў яшчэ аднаго блізкага сябра”.

Лукашэнка асудзіў “акт амерыканскай агрэсіі” супраць Венесуэлы. Міністэрства замежных спраў выкарыстаоа аналагічную фапмулёўку, аднак не згадала, ад каго зыходзіла “ўзброеная агрэсія”.

Мадура кіраваў Венесуэлай з 2013 года — пасля смерці ранейшага аўтарытарнага кіраўніка Уга Чавеса. Супраць Венесуэлы ўведзены шэраг міжнародных санкцый: за фальсіфікацыю выбараў, падаўленне мірных пратэстаў, палітычныя рэпрэсіі і інш.

Падзяліцца: