Мінск 11:07

За мінулыя суткі на пажарах загінула чатыры чалавекі — на статыстыцы МНС гэта ніяк не адбілася

Ілюстрацыйнае фота: Raquel Raclette / unsplash.com

17 студзеня, Позірк. За мінулыя дзяжурныя суткі (з 6:00 16 студзеня да 6:00 17 студзеня 2026 года) на пажарах у Беларусі загінула чатыры чалавекі, сведчаць аператыўныя даныя Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

У Мінскай вобласці ахвярамі агню стала два чалавекі (у Любанскім і Мядзельскім раёнах), у Брэсцкай і Магілёўскай — па адным (у Брэсце і Мсціслаўскім раёне адпаведна).

Разам з тым на даных зводнай табліцы на сайце МНС іх смерць ніяк не адбілася — другія суткі запар у ёй значыцца 62 загінулых ад пачатку года (на 47,6% больш, чым за той жа леташні перыяд, калі было 42).

Раней ведамства тлумачыла перыядычнае карэктаванне звестак тым, што часам пасля правядзення судова-медыцынскай экспертызы высвятляецца — смерць наступіла не праз пажар. Наадварот, як заяўляла МНС, узгаранне часам можа ўзнікнуць пасля смерці чалавека.

За 16 дзён студзеня 2026 года ў Беларусі адбылося 436 пажараў (+54,1% да аналагічнага перыяду 2025-га, калі было 283), траўмавана на іх — 32 (+45,5%, 22), выратавана — 29 (+52,6%; 19).

Падзяліцца: