Мінск 19:12

Бюро нацбяспекі Польшчы: У ноч на 17 студзеня ў паветраную прастору трапіла некалькі дзясяткаў аб’ектаў з Беларусі

Ілюстрацыйнае фота: Natalia Gasiorowska / unsplash.com

17 студзеня, Позірк. У ноч на 17 студзеня ў паветраную прастору Польшчы трапіла некалькі дзясяткаў аб’ектаў з Беларусі, вынікае з паведамлення польскага Бюро нацыянальнай бяспекі (БНБ).

Паводле інфармацыі ведамства, кіраўнік БНБ Славамір Цэнкевіч рэгулярна інфармуе прэзідэнта Польшчы Караля Наўроцкага “пра хаду і наступствы начнога пранікнення”.

“Бюро нацыянальнай бяспекі на працягу ўсёй ночы адсочвала гэтае здарэнне, збіраючы і аналізуючы інфармацыю, атрыманую ад вайскоўцаў і грамадзянскіх устаноў, — гаворыцца ў паведамленні. — Гэтак жа, як і ў выпадку падзеі ў ноч на 25 снежня 2025 года, калі з беларускага напрамку ў польскую паветраную прастору пранікла 59 аб’ектаў, БНБ не выключае, што мы маем справу з правакацыяй пад прыкрыццём кантрабанднай дзейнасці”.

Бюро заклікала сачыць за паведамленнямі паліцыі і памежнага ведамства, “а ў выпадку выяўлення прадметаў, пасылак або абломкаў, якія патэнцыйна могуць быць звязаныя з апісаным здарэннем, не падыходзіць да іх і неадкладна апавяшчаць адпаведныя службы”.

Паліцыя Польшчы паведаміла, што ўвечары 16 студзеня атрымала ад Аператыўнага камандавання Узброеных сіл інфармацыю пра “неапазнаныя лятучыя аб’екты (хутчэй за ўсё, кантрабандныя шары), якія з тэрыторыі Беларусі праніклі ў польскую паветраную прастору”.

“Былі пазначаныя прыблізныя месцы з’яўлення на тэрыторыі Падляскага і Люблінскага ваяводстваў, пасля чаго інфармацыя была перададзеная ў адпаведныя тэрытарыяльныя падраздзяленні паліцыі. Мінулай ноччу абломкі шароў разам з цыгарэтамі без польскіх акцызных марак былі вынятыя паліцэйскімі ў Беластоку і ў Сакульскім павеце”, — адзначыла праваахоўная структура.

Раней “Позірк” паведамляў, што супрацоўнікі Падляскага аддзела Памежнай аховы Польшчы 17 студзеня выявілі чарговыя партыі кантрабандных цыгарэт, дастаўленых з Беларусі па паветры.

Падзяліцца: