Мінск 13:32

Беларусы збіраюць подпісы пад зваротам да ўладаў Вільнюса за права дзяцей вучыцца на роднай мове

Ілюстрацыя: Асацыяцыя беларускіх бацькоў

25 студзеня, Позірк. Пра збор подпісаў пад зваротам да гарадской рады Вільнюса за права дзяцей атрымліваць адукацыю на роднай мове паведаміла на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку” зарэгістраваная ў Літве Асацыяцыя беларускіх бацькоў.

Раней паведамлялася, што віцэ-мэр Вільнюса Вітаўтас Міталас унёс на разгляд гарадской рады прапанову аб тым, каб дзеці замежнікаў прымаліся на вучобу толькі ў школы з навучаннем на літоўскай мове. Падкрэслівалася, што гэта можа прывесці да закрыцця адзінай у літоўскай сталіцы беларускамоўнай гімназіі імя Францыска Скарыны.

У звароце, які прапануецца падпісаць, гаворыцца, што “беларусы, якія жывуць у Літве, імкнуцца да паўнавартаснай інтэграцыі ў літоўскае грамадства”.

“Мы хочам вывучаць літоўскую мову, працаваць на карысць Літвы, удзельнічаць у грамадскім жыцці і спрыяць таму, каб у будучыні паміж літоўцамі і беларусамі існавалі стасункі ўзаемнай павагі, даверу і сяброўства”, — паведамляюць аўтары.

“Мы таксама хочам адзначыць, што значная частка беларускіх сем’яў ужо сёння свядома выбірае школы з літоўскай мовай навучання для сваіх дзяцей. Адначасова на практыцы мы бачым, што сістэма пакуль не заўсёды спраўляецца з задачай інтэграцыі дзяцей-мігрантаў у такіх установах. Гэта датычыцца выкладання літоўскай мовы як няроднай, наяўнасці дадатковых педагагічных рэсурсаў, псіхалагічнай падтрымкі і адаптацыйных праграм. Мы перакананыя, што менавіта развіццё і ўмацаванне гэтых механізмаў павінна стаць прыярытэтам дзяржаўнай палітыкі ў сферы адукацыі”, — заяўляецца ў звароце.

Адзначаецца, што пасля падзей 2020 года ў Беларусі і пачатку поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны ў 2022 годзе “многія беларусы свядома павярнуліся да беларускай мовы як ключавога нацыянальнага маркера”, які адрознівае іх “ад іншых нацый і, перш за ўсё, ад Расіі”.

“Сёння ў Літве жыве значная колькасць беларускіх сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей на беларускай мове або хочуць, каб іх дзеці навучаліся менавіта на ёй, адначасова вывучаючы літоўскую мову і інтэгруючыся ў літоўскае грамадства”, — канстатуюць складальнікі тэксту.

У гэтым кантэксце, падкрэсліваюць яны, асаблівае значэнне мае гімназія імя Скарыны — “адзіная ў Літве і ва ўсім свеце дзяржаўная школа з беларускай мовай навучання за межамі Беларусі”.

“З 2021 года колькасць навучэнцаў у гэтай гімназіі павялічылася прыкладна на 70%, і сёння яна перапоўненая. Гэта сведчыць пра высокі і стабільны попыт на адукацыю на беларускай мове ў Вільнюсе. Гэтая цікавасць асабліва значная на фоне сітуацыі ў самой Беларусі, дзе колькасць беларускамоўных школ імкліва скарачаецца, а абсалютная большасць дзяцей вучыцца на рускай мове ва ўмовах сістэмнай русіфікацыі”, — гаворыцца ў звароце.

“Для многіх сем’яў у Літве навучанне на беларускай мове — гэта не пытанне выгоды, а пытанне захавання ідэнтычнасці і свядомага разрыву з савецкай і імперскай спадчынай. Улічваючы паслядоўную і прынцыповую пазіцыю Літвы ў падтрымцы дэмакратыі, свабоды і правоў чалавека ў рэгіёне, уключаючы падтрымку беларускага дэмакратычнага руху і Украіны, лагічным і каштоўнасна паслядоўным крокам было б падтрымаць адукацыю дзяцей беларускіх мігрантаў на беларускай мове <…>. Гэта стала б важным укладам у фарміраванне нацыянальна арыентаванай, праеўрапейскай будучыні Беларусі”, — падкрэсліваюць аўтары.

Забарона вучыцца на роднай мове, на іх думку, будзе “балючым і негатыўным сігналам як для будучай Беларусі, так і для самой Літвы”.

У звароце ўтрымліваецца просьба да ўладаў Вільнюса “разгледзець магчымасць выключэнняў і захаваць права выбару для дзяцей беларускіх мігрантаў — навучанне альбо на літоўскай мове, альбо на беларускай мове ў гімназіі імя Францыска Скарыны”.

Школа з навучаннем на беларускай мове заснаваная ў Вільнюсе ў 1994 годзе. У 1997-м ёй прысвоена імя Францыска Скарыны, у 2013-м навучальная ўстанова атрымала статус гімназіі.

Асацыяцыя беларускіх бацькоў зарэгістраваная ў Літве ў верасні 2025 года. Ставіць перад сабой мэту “аб’ядноўваць беларускія сем’і, якія жывуць у Літве, і прадстаўляць іх агульныя інтарэсы”.

Як паведамляў “Позірк”, на 1 студзеня 2026 года дзейны дазвол на пражыванне ў Літве мела 50.286 грамадзян Беларусі. За год колькасць беларусаў — уладальнікаў дакументаў, якія легалізуюць знаходжанне на літоўскай тэрыторыі, скарацілася на 7.225, або на 12,56%.

Падзяліцца: