Пад Мінскам затрыманая сям’я, якая арганізавала канал нелегальнай міграцыі — МУС

2 лютага, Позірк. Аб затрыманні ў Мінскім раёне “групы зламыснікаў”, якія арганізавалі канал нелегальнай міграцыі, паведамляе прэс-служба Міністэрства ўнутраных спраў.
“Нелегальным бізнесам займаліся 65-гадовы жыхар Мінскай вобласці, яго 20-гадовы сын і 35-гадовая дачка. Бацька і дачка былі судзімыя за нарказлачынствы”, — заявіў прадстаўнік упраўлення ГУБАЗіК МУС па Мінскай вобласці Анатоль Лапацін.
Фігуранты, паводле яго слоў, дапамагалі мігрантам з Азіі ўязджаць з Расіі міма пунктаў пропуску, размяшчалі іх у прыватным доме пад Мінскам, “кансультавалі паводле правілаў канспірацыі”. Канчатковай мэтай замежнікаў былі краіны Еўрасаюза.
“Кошт такіх паслуг пачынаўся ад 100 долараў з чалавека. Агульная колькасць асоб, якія імі скарысталіся, высвятляецца. Следчымі ўзбуджаная крымінальная справа за арганізацыю незаконнай міграцыі. Вырашаецца пытанне аб высылцы мігрантаў. Праводзяцца мерапрыемствы па ўстанаўленні ўсіх датычных да злачыннай дзейнасці”, — сказаў Лапацін.
16 студзеня МУС паведамляла пра затрыманне ў Мінску двух замежнікаў і беларускі, якія арганізавалі “шэрую” схему легалізацыі ў Беларусі грамадзян з Азіі. Фігуранты “аказвалі садзейнічанне мігрантам у незаконным уездзе і знаходжанні” на тэрыторыі Беларусі. Яны “выраблялі і падавалі ў дзяржустановы загадзя падробленыя дакументы як ад фіктыўных, так і ад рэальных працадаўцаў”.
Такім чынам, забяспечвалася атрыманне мігрантамі віз і дазволаў на часовае пражыванне ў Беларусі.
“Папярэдне ўстаноўлена больш за 100 замежнікаў, якія скарысталіся паслугамі гэтых пасярэднікаў, — паведаміў прадстаўнік ГУБАЗіК МУС Уладзімір Гарагляд. — Многія з іх працавалі тут таксістамі, падсобнымі рабочымі на рынках і прадпрыемствах грамадскага харчавання. За свае паслугі аферысты атрымлівалі грашовую ўзнагароду ў памеры 200–250 долараў з чалавека, а таксама штомесячны “падатак” у памеры да 250 рублёў з кожнага”.
У мінулым студзені суседнія краіны Еўрасаюза зафіксавалі 28 спробаў мігрантаў незаконна перасекчы мяжу з тэрыторыі Беларусі — найменшую з пачатку 2023 года месячную колькасць, сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз штодзённых звестак памежных службаў еўрапейскіх дзяржаў.
У 2025 годзе менш за ўсё такіх спробаў было зафіксавана ў снежні (431), у 2024-м — у студзені (96), у 2023-м — у снежні (726). Найбольшая колькасць у 2025, 2024 і 2023 гадах была ў траўні (6.825), траўні (7.694) і кастрычніку (5.474) адпаведна.
У студзені 2026 года краіны ЕС зарэгістравалі ў 15,4 раза менш спробаў парушэння мяжы з боку Беларусі, чым у тым жа месяцы 2025-га (431), у 3,4 раза менш, чым у 2024-м (96), у 71 раз менш, чым у 2023-м (1.989).
Літва за мінулы месяц спыніла 15 спробаў (-6,25% у параўнанні са студзенем 2025 года; у 3,8 раза больш — са студзенем 2024-га; у 14,6 раза менш — са студзенем 2023-га), Польшча — 13 (адпаведна ў 21,8 раза менш; у 6,7 раза менш; у 107,5 раза менш). Латвія ў студзені гэтага года не назірала актыўнасці мігрантаў на мяжы з Беларуссю (у тым жа месяцы 2025 года — 132, 2024-га — 5, 2023-га — 372).
Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЕС працягваецца з вясны 2021 года. Улады суседніх еўрапейскіх дзяржаў лічаць яго “гібрыднай атакай”, арганізаванай рэжымамі ў Мінску і Маскве.
Аляксандр Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што беларускія памежнікі не будуць спыняць нелегальных мігрантаў, якія ідуць у Еўрасаюз праз Беларусь, таму што іх туды нібыта “паклікалі”.
- Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, ПалітыкаУ студзені краіны ЕС зафіксавалі найменшы ад пачатку 2023 года месячны лік спробаў парушэння мяжы з тэрыторыі БеларусіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Грамадства
- Эканоміка
- ЭканомікаСярэдні кошт кватэр на першасным рынку жылля ў 2025 годзе павялічыўся на 15,7% (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства, Эканоміка


