Мінск 22:20

Ізраільская авіякампанія “Аркіа” з тэхнічных прычын не аднавіла палёты ў Мінск

Фота: wikipedia.org

3 лютага, Позірк. Ізраільская авіякампанія “Аркіа” не аднавіла рэйсы па маршруце Тэль-Авіў — Мінск — Тэль-Авіў.

Паводле інфармацыі “Позірку”, затрымка выкліканая тэхнічнымі прычынамі.

Пра намер аднавіць палёты ў Мінск пасля 9-гадовага перапынку ізраільскі авіяперавозчык паведаміў напачатку снежня мінулага года. Планавалася, што рэйсы будуць выконвацца з пачатку лютага двойчы на тыдзень — па панядзелках і пятніцах. Час у дарозе павінен быў скласці прыкладна 3 гадзіны 45 хвілін у бок Беларусі і каля 3 гадзін 30 хвілін на зваротным маршруце. Білеты былі даступныя па кошце ад 249 долараў у адзін бок.

З 8 студзеня рэгулярныя рэйсы ў Тэль-Авіў аднавіла кампанія “Белавія”. Рэйсы выконваюцца па чацвяргах і нядзелях. У сувязі з тым, што кампанія вымушана пазбягаць зону ваенных дзеянняў паміж Расіяй і Украінай, а таксама ў сувязі з еўрапейскімі санкцыямі не можа ажыццяўляць пералёты праз паветраную прастору краін, якія ўваходзяць у ЕС, час у дарозе да Тэль-Авіва складае 6 гадзін 10 хвілін, назад — 6 гадзін 25 хвілін.

Напачатку снежня беларускі перавозчык анансаваў кошт білетаў — ад 671 рубля ў адзін бок і ад 1327 — туды-назад (тарыф “Лайт”).

30 траўня 2022 года “Белавія” паведаміла, што авіяцыйныя ўлады Ізраіля адмовілі ў абслугоўванні самалётаў у аэрапорце Бэн Гурыён, у сувязі з чым авіякампанія вымушана адмяніць раней запланаваныя рэйсы ў Тэль-Авіў.

Як адзначалася Ізраіль паведаміў аб сваім рашэнні нягледзячы на тое, што першапачаткова, 15 траўня 2022 года, быў выдадзены афіцыйны дазвол на палёты і зацверджана праграма рэйсаў па новым раскладзе (з тэхнічнай пасадкай у Баку). Беларуская амбасада заявіла, што рашэнне ізраільскіх улад не абслугоўваць самалёты “Белавія” ў першую чаргу “ўдарыць па інтарэсах простых грамадзян”, паколькі на палёты паміж Мінскам і Тэль-Авівам заўсёды быў вялікі попыт.

Да таго часу беларускі нацыянальны перавозчык ужо знаходзіўся пад санкцыямі спачатку асобных краін Еўропы, у адказ на прымусовую пасадку рэйса FR4978 па маршруце Афіны-Вільнюс 23 траўня 2021 года, а са снежня 2021 года — і пад санкцыямі Еўрасаюза.

16 чэрвеня 2022 года “Белавія” трапіла пад амерыканскія санкцыі, што з улікам цесных сувязей паміж Ізраілем і ЗША зрабіла фактычна немагчымым ажыццяўленне палётаў паміж Мінскам і Тэль-Авівам, у прыватнасці на самалётах “Боінг” беларускага перавозчыка.

У 2025 годзе амерыканскія санкцыі з авіякампаніі былі знятыя.

Падзяліцца: