Мінск 23:38

Дарадца Ціханоўскай абмеркаваў у Белым доме далейшыя намаганні па вызваленні палітвязняў

Фота: тэлеграм-канал Святланы Ціханоўскай

3 лютага, Позірк. “Працяг гуманітарных намаганняў па вызваленні палітвязняў” абмеркаваў у Белым доме (Вашынгтон) дарадца па дыпламатычных пытаннях Святланы Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі, паведамляе прэс-служба дэмакратычнага лідара.

Адзначаецца, што Кучынскі сустрэўся са спецыяльным памочнікам прэзідэнта ЗША, старшым дырэктарам па пытаннях Расіі і Еўропы Савета нацыянальнай бяспекі Чарльзам Маклафлінам (на фота) і старшым дарадцам па нацыянальнай бяспецы ў офісе віцэ-прэзідэнта ЗША Спіра Баласам.

Акрамя вызвалення палітвязняў, было закранута пытанне пагаршэння ўмоў іх утрымання ў беларускіх турмах і ціску на іх з боку беларускага рэжыму.

Таксама на сустрэчах абмяркоўваўся ўплыў перамоўных працэсаў вакол Украіны на сітуацыю ў Беларусі і развіццё кантактаў з украінскім бокам пасля нядаўняй сустрэчы прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага і Святланы Ціханоўскай у Вільнюсе.

Былі закранутыя пытанні гібрыдных атак беларускага рэжыму супраць краін Еўрапейскага саюза, уключаючы Польшчу і Літву.

Акрамя таго, абмяркоўвалася рэалізацыя дамоўленасцяў, якія былі дасягнуты па выніках сустрэчы Кучынскага з намеснікам дарадцы па нацыянальнай бяспецы прэзідэнта ЗША Эндзі Бэйкерам 2 снежня мінулага года.

Паводле даных прэс-службы Ціханоўскай, Кучынскі “адзначыў працяг гуманітарных намаганняў дзеля вызвалення палітвязняў, дзякуючы поспехам працы спецпрадстаўніка ЗША па Беларусі Джона Коўла”.

Была падкрэслена “важнасць двух паралельных напрамкаў працы: гуманітарнага — дзеля вызвалення палітвязняў і палітычнага — дзеля аднаўлення суверэнітэту Беларусі і запуску дэмакратычных пераўтварэнняў пасля спынення рэпрэсій, вызвалення і амністыі ўсіх палітычных зняволеных”.

Ад імя Ціханоўскай, як заяўляецца, Кучынскі падзякаваў прэзідэнту ЗША Дональду Трампу за “намаганні і вынікі ў гуманітарным напрамку” — у тым ліку за вызваленне чарговай групы палітычных зняволеных у Беларусі 13 снежня мінулага года.

У Белы дом перададзены “праект прапановы Аб’яднанага пераходнага Кабінета аб правядзенні круглага стала і магчымай ролі ЗША як міжнароднага медыятара ў будучых дэмакратычных пераўтварэннях у Беларусі”.

3 лютага Кучынскі разам з былым палітвязнем Сяргеем Ціханоўскім, кіраўніком літоўскага офіса праваабарончай арганізацыі Freedom House Віцісам Юрконісам і міжнародным юрыстам па правах чалавека Жасмін Д. Кэмерон прымуць удзел у слуханнях па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі ў Камісіі па правах чалавека Тома Лантаса ў Кангрэсе ЗША.

Падзяліцца: