Мінск 17:54

У ноч на 4 лютага Польшча зафіксавала чарговае ўварванне паветраных шароў

Ілюстрацыя: strazgraniczna.pl

4 лютага, Позірк. Аб фіксацыі ў ноч на 4 лютага вайсковымі радыёлакацыйнымі сістэмамі чарговага ўваходжання ў паветраную прастору Польшчы “аб’ектаў балоннага тыпу“ паведаміла ў “Х“ аператыўнае камандаванне родаў Узброеных сіл краіны.

Адзначаецца, што “палёты аб’ектаў знаходзіліся пад маніторынгам і не стваралі пагрозы бяспецы паветранага руху або грамадзянам Рэспублікі Польшча”

Адкуль менавіта адбылося ўварванне аб’ектаў, не ўдакладняецца, аднак адзначаецца, што “супрацоўніцтва Узброеных сіл Рэспублікі Польшча са службамі, якія адказваюць за бяспеку дзяржавы, дазваляе гэтым службам аператыўна рэагаваць, у тым ліку ажыццяўляць перахоп аб’ектаў і затрыманне асоб, якія падазраюцца ў дачыненні да гэтых інцыдэнтаў“.

Мяркуючы па фармулёўках, можна меркаваць, што гаворка ідзе пра чарговую кантрабанду з Беларусі тытунёвых вырабаў.

У такім выпадку гэта пятае зафіксаванае парушэнне паветранай прасторы з боку Беларусі, пачынаючы з 28 студзеня (фіксаваліся таксама 31 студзеня, 1 лютага і 2 лютага). Ва ўсіх папярэдніх выпадках у аб’ектах, якія ўварваліся, распазнавалі аэрастаты, з дапамогай якіх з беларускай тэрыторыі дастаўляюцца кантрабандныя грузы.

2 лютага Памежная ахова Польшчы паведаміла, што ў студзені 2026 года ў краіне выяўлена блізу 1,75 млн цыгарэт, дастаўленых з Беларусі з дапамогай паветраных шароў, кошт канфіскаванага тавару ацэньваецца ў 1,78 млн злотых (блізу 497 тыс. долараў).

22 студзеня стала вядома, што Міністэрства замежных спраў Польшчы выклікала часовага паверанага ў справах Беларусі, запатрабаваўшы тлумачэнняў з нагоды прылёту ў краіну 150 паветраных шароў у ноч на 17 студзеня.

Падзяліцца: