Мінск 20:37

22-гадовы Аляксей Грахоўскі прызначаны намеснікам прадстаўніка АПК па маладзёжнай палітыцы і студэнцтве

Фота: АПК

4 лютага, Позірк. Намеснікам прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) па маладзёжнай палітыцы і студэнцтву прызначаны Аляксей Грахоўскі. Пра гэта 4 лютага паведаміў АПК.

Кандыдатуру Грахоўскага ўзгадніла кіраўніца кабінета Святлана Ціханоўская.

Адзначаецца, што намеснік прадстаўніка зоймецца “праблемамі мабільнасці моладзі, адукацыі і працаўладкавання”.

“Першая прыярытэтная задача — мабільнасць. Маладыя людзі рухаюцца. Яны наладжваюць кантакты. Яны будуюць сеткі. Больш ніякіх бар’ераў. Другая прыярытэтная задача — адукацыя. Рэальная адукацыя для нармальнай будучыні. Рэальныя магчымасці. Трэцяя прыярытэтная задача — праца. Рэальны бізнес. Рэальныя кар’еры. Маладыя беларусы павінны мець магчымасць будаваць сабе жыццё, якога яны сапраўды заслугоўваюць”, — заявіла прадстаўніца АПК у моладзевай палітыцы і студэнцтве Маргарыта Ворыхава.

Паводле яе слоў, раней Грахоўскі адказваў за “ўцягнутасць моладзі ў дэмакратычных палітычных арганізацыях, вырашаў праблемы студэнтаў за мяжой, дасягнуў таго, каб адукацыя ў Еўропе была магчымай для моладзі з Беларусі”. “Ён мабілізаваў, арганізоўваў і даводзіў справы да выніку. Да рэальнага выніку, а не да пустых абяцанняў”, — адзначыла Ворыхава.

Аляксей Грахоўскі нарадзіўся ў Мінску 22 ліпеня 2003 года. Выпускнік Беларускага гуманітарнага ліцэя імя Якуба Коласа. У 2025 годзе скончыў бакалаўрыят ва ўніверсітэце імя Адама Міцкевіча ў Познані (Польшча) на кірунку “міжнародныя адносіны, дыпламатыя”. Працягвае навучанне ў магістратуры гэтага ўніверсітэта.

З 2019 года — член Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны. У 2023-м сузаснаваў беларускую моладзевую грамадска-палітычную арганізацыю “Ліхтар”. Член Задзіночання беларускіх студэнтаў. Валодае беларускай, польскай, англійскай, украінскай і рускай мовамі, вывучае нямецкую.

Камітэт дзяржбяспекі 28 студзеня прызнаў “экстрэмісцкім фарміраваннем” арганізацыю “Ліхтар”. Датычнымі да “фарміравання” названыя Аляксей Грахоўскі (2003 год нараджэння), Ілля Міхневіч (2001) і Віктар Баранаў (1997).

На старонцы арганізацыі ў “Фэйсбуку” гаворыцца, што” Ліхтар ” — гэта аб’яднанне беларускіх студэнтаў універсітэта імя Адама Міцкевіча ў Познані.

Падзяліцца: