Мінск 13:49

Кіраўнікі памежных службаў краін Балтыі прымуць сумесны план дзеянняў, абмяркуюць барацьбу з аэрастатамі

Ілюстрацыя: Zotico / wikimedia.org

5 лютага, Позірк. План дзеянняў падкамітэта па ахове межаў Камітэта старшых службовых асоб Савета міністраў краін Балтыі на 2026 год “з улікам геапалітычнай сітуацыі” падпішуць 6 студзеня ў Даўгаўпілсе (Латвія) кіраўнікі літоўскай, латвійскай і эстонскай памежных службаў.

Паводле інфармацыі Службы аховы дзяржаўнай мяжы (САДМ) Літвы, план сярод іншага прадугледжвае “арганізацыю экспертных сустрэч па пытаннях рэадмісіі, назірання і кантролю межаў, крымінальных расследаванняў, пошукава-выратавальных аперацый, кіналогіі, спецыяльнай тактыкі і рэгіянальнай супрацы”.

Начальнік САДМ Рустам Любаеў, кіраўнік Дзяржаўнай памежнай аховы Латвіі Гунціс Пуятс, а таксама гендырэктар паліцыі і службы аховы мяжы Эстоніі Эгерт Белітшаў маюць намер абмеркаваць “стан на знешніх межах Еўрасаюза, пытанні бяспекі паветранай прасторы, метады барацьбы з незаконным выкарыстаннем паветраных шароў і магчымыя пагрозы ў рэгіёне”.

Пасяджэнне кіраўнікоў памежных службаў краін Балтыі распачалося 5 лютага. У першы дзень сустрэчы чыноўнікі разглядаюць выкананне сумеснага плана дзеянняў за 2025 год.

Уварванне паветраных шароў з кантрабанднымі цыгарэтамі з Беларусі ў Літву ўвосені і на пачатку снежня 2025 года стала прычынай неаднаразовага закрыцця аэрапорта Вільнюса, размешчанага непадалёк ад мяжы. Акрамя таго, з 29 кастрычніка па 19 лістапада Літва закрывала мяжу з Беларуссю.

Летась 9 снежня літоўскі ўрад абвясціў экстрэмальную сітуацыю дзяржаўнага ўзроўню праз “гібрыдную атаку Беларусі”. Рашэнне было прынятае “ў сувязі з пагрозай нацыянальнай бяспецы дзяржавы і небяспекай для жыцця і здароўя людзей, а таксама для маёмасці і (або) навакольнага асяроддзя, якое ствараецца тым, што на тэрыторыю Літвы з Беларусі запускаюцца паветраныя шары, што перавозяць кантрабанду”.

З канца мінулага месяца Польшча зафіксавала сама меней чатыры серыі парушэнняў паветранай прасторы з боку Беларусі (28 студзеня, 31 студзеня, 1 лютага і 2 лютага). Ва ўсіх гэтых выпадках у аб’ектах, што ўварваліся, распазнавалі аэрастаты, з дапамогай якіх з беларускай тэрыторыі дастаўляюцца кантрабандныя грузы.

У ноч на 4 лютага польскія вайскоўцы зноў назіралі ўварванне “аб’ектаў балоннага тыпу”, але не ўдакладнялася, з якога боку.

2 лютага Памежная ахова Польшчы паведаміла, што ў студзені 2026 года ў краіне выяўлена каля 1,75 млн цыгарэт, дастаўленых з Беларусі з дапамогай паветраных шароў. Кошт канфіскаванага тавару ацэньваецца прыкладна ў 1,78 млн злотых (каля 497 тыс. долараў).

22 студзеня стала вядома, што Міністэрства замежных спраў Польшчы выклікала часовага паверанага ў справах Беларусі, запатрабаваўшы тлумачэнняў наконт прылёту ў краіну 150 паветраных шароў у ноч на 17 студзеня.

Падзяліцца: