Мінск 17:16

За апошнія 11 гадоў падлеткавая злачыннасць скарацілася ў 2,5 раза — пракуратура

Ілюстрацыйнае фота: prostooleh / freepik.com

6 лютага, Позірк. За апошнія 11 гадоў падлеткавая злачыннасць скарацілася ў 2,5 раза, паведаміла 6 лютага прэс-служба Генеральнай пракуратуры.

Паводле даных ведамства, у 2025 годзе падлеткі здзейснілі 1.060 злачынстваў — супраць 2.654 у 2014-м.

Адзначаецца, што актуальнай застаецца праблема ўцягвання непаўналетніх у “злачынствы з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій”, у тым ліку праз інтэрнэт.

“У 2025 годзе такія злачынствы здзейсніў кожны дзявяты падлетак (вымаганне, махлярства, заведама ілжывае паведамленне пра небяспеку, крадзеж шляхам мадыфікацыі камп’ютэрнай інфармацыі), — гаворыцца ў паведамленні. — У 2025 годзе кожнае другое дзіця прызнанае пацярпелым ад злачынстваў, здзейсненых у сетцы інтэрнэт (распусныя дзеянні, вымагальніцтва, махлярства, крадзеж шляхам мадыфікацый камп’ютарнай інфармацыі, блакаванне такой інфармацыі)”.

Пра зніжэнне падлеткавай злачыннасці па выніках першай паловы 2025 года паведамілі на прэс-канферэнцыі 23 ліпеня 2025 года ў Мінску прадстаўнікі Генпракуратуры і Міністэрства ўнутраных спраў.

Старшы пракурор па асобых даручэннях упраўлення нагляднага органа Раман Сідарэнка заявіў, што колькасць падлеткаў, якія здзейснілі злачынствы ў студзені — чэрвені таго года, у параўнанні з аналагічным перыядам папярэдняга года знізілася больш чым на 13%, а колькасць здзейсненых імі злачынстваў — амаль на 10%.

Старшы інспектар па асаблівых даручэннях аддзела па арганізацыі працы інспекцый па справах непаўналетніх упраўлення прафілактыкі галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю МУС Беларусі Раман Бардзееў удакладніў апошні паказчык — злачынстваў, здзейсненых падлеткамі, стала менш на 9,8%.

Сідарэнка паведаміў, што колькасць здзейсненых непаўналетнімі цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў знізілася са 125 да 98; групавых злачынстваў — з 160 да 120.

Паводле даных Вярхоўнага суда, у 2024 годзе ў Беларусі былі асуджаныя 593 непаўналетнія, у 2023-м — 692, 2022-м — 927.

За незаконны абарот наркотыкаў з мэтай збыту ў 2024-м было асуджана 68 непаўналетніх (у 2023-м — 61). Колькасць непаўналетніх, асуджаных за незаконны абарот наркотыкаў без мэты збыту, зменшылася да 12 (у 2023-м — 13).

Паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх) у 2024 годзе было асуджана 29 непаўналетніх, у 2023-м такіх падлеткаў было 23. Гэты артыкул выкарыстоўваецца ў асноўным для палітычнага пераследу ўдзельнікаў пратэстаў у 2020 годзе.

Агулам за здзяйсненне злачынстваў супраць грамадскага парадку і грамадскай маральнасці, да якіх адносіцца і арт. 342, у 2024 годзе было асуджана 179 непаўналетніх (у 2023-м — 175).

З іх большасць — 108 — асуджана за хуліганства (арт. 339; годам раней — 126). 26 непаўналетніх асуджана за выраб і распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару з выявай непаўналетняга (арт. 3431; 16); па 6 падлеткаў асуджана за выраб і распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару (арт. 343; 4) і за апаганенне збудаванняў і псаванне маёмасці (арт. 341; 5).

4 непаўналетнія асуджаныя за заведама ілжывае паведамленне пра небяспеку (арт. 340; 1).

Падзяліцца: