Кіраўнік ДДБ Літвы не бачыць змен у палітыцы рэжыму Лукашэнкі

6 лютага, Позірк. Змен у палітыцы рэжыму Аляксандра Лукашэнкі не бачна, паведамляе агенцтва BNS са спасылкай на кіраўніка Дэпартамента дзяржаўнай бяспекі (ДДБ) Літвы Рэмігіюса Брыдыкіса.
У матэрыяле, які перадрукаваў партал TV3, гаворыцца, што чыноўнік выказаўся на гэты конт 6 лютага ў кантэксце адказу на просьбу журналістаў пракаментаваць прапанову экс-палітзняволенай, палітычнай актывісткі Марыі Калеснікавай аднавіць актыўныя транспартныя зносіны з Беларуссю.
“Мы, верагодна, мусім зразумець ці адказаць самі сабе: змяніўся рэжым [Лукашэнкі] ці не? Ці змянілася сітуацыя са свабодамі, са свабодай слова, з жыццём людзей, са свабодай перамяшчэння? Ці змянілася сувязь з Расіяй? Ці ўдзельнічае ён (рэжым у Мінску. — “Позірк”.), магчыма, нават ва ўскосных формах, у вайне ва Украіне? Адказаўшы на ўсе гэтыя пытанні, верагодна, і трэба прымаць рашэнні, кіруючыся такімі базавымі рэчамі. Кожны з нас пры прыняцці рашэнняў мае адказаць сабе на гэтыя пытанні”, — заявіў Брыдыкіс.
Непасрэдна па сутнасці прапановы Калеснікавай, кіраўнік ДДБ падкрэсліў, што звычайна яго ведамства “не раздае такія рэкамендацыі, а толькі праводзіць ацэнку”. Паводле яго слоў, транспартныя зносіны з Беларуссю ёсць прадметам абмеркавання для асоб, што прымаюць рашэнні.
“Адныя прытрымліваюцца больш радыкальнай думкі, іншыя, відаць, больш умеранай, і прычын таму можа быць шмат. <…> Мы маем розныя групы з розным бачаннем, і кожны, відавочна, спрабуе выказаць сваё бачанне такім, якім яно здаецца ім патрэбным і эфектыўным, што не абавязкова адпавядае нават нашай палітыцы. Для гэтага, верагодна, і існуюць нашыя асобы, што прымаюць рашэнні, якія ў дыскусіі з тым ці іншым прадстаўніком апазіцыі могуць выявіць агульную глебу”, — патлумачыў ён.
Калеснікава выказалася наконт паляпшэння транспартных зносін 3 лютага ў Вільнюсе на сустрэчы са старшынёй Літоўскай сацыял-дэмакратычнай партыі Міндаўгасам Сінкявічусам.
“Марыя Калеснікава падчас сустрэчы таксама заклікала падвысіць мабільнасць беларускага народа паміж Літвой і Беларуссю, падкрэсліўшы важнасць больш актыўнага перамяшчэння з Еўропай і прапанаваўшы аднавіць пасажырскія чыгуначныя зносіны Мінск — Вільнюс і аднавіць аўтобусныя маршруты”, — напісаў літоўскі палітык па выніках сустрэчы з экс-палітзняволенай.
За апошнія гады Літва закрыла некалькі пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю. Цяпер функцыянуюць толькі аўтамабільныя пункты Мядзінінкай (з беларускага боку — Каменны Лог) і Шальчынінкай (Беняконі).
3 лютага Калеснікава на сустрэчы з прэм’ер-міністрам Літвы Інгай Ругінене выказала меркаванне пра тое, што Вільнюс мог бы “адыграць важную ролю ў фармаванні канструктыўнага перагаворнага парадку дня” з Мінскам.
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаУ студзені 2026 года 41 грамадзяніну Беларусі было загадана пакінуць Літву, дэпартавана — 5 (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаБольш за палову заяў на прытулак у Літве ў студзені 2026 года падалі беларусы (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Эканоміка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка



