Мінск 04:00

У Мінску вулічнае асвятленне другі вечар запар было ўключана ў звычайны час

Ілюстрацыя: unsplash.com

6 лютага, Позірк. У Мінску вулічнае асвятленне другі вечар запар было ўключана ў звычайны час, праз 20 хвілін пасля заходу сонца (у 18:20).

Раніцай 5 і 6 лютага асвятленне было выключана прыкладна на паўгадзіны раней, чым звычайна, каля 8:30.

Увечары 4 лютага вулічныя ліхтары загарэліся прыкладна ў 19:00, калі ўжо было цёмна, што выклікала негатыўную рэакцыю насельніцтва. У каментарах прыводзілася параўнанне з Украінай, энэргетычную сістэму якой атакуе Расія.

Раней у гэты ж дзень у Міністэрстве энергетыкі прайшла нарада, на якой абмяркоўвалася “карэкціроўка рэжымаў працы вулічнага асвятлення ў населеных пунктах“.

3 лютага ў Мінску на нарадзе ў пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця Віцебскай вобласці Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад падначаленых “скарэктаваць рэжым асвятлення на вуліцах“.

“Выеду ў Астрашыцкім Гарадку (пасёлак у Мінскім раёне, побач з якім знаходзіцца рэзідэнцыя Лукашэнкі. — Позірк.), да прыкладу, і ў іншых вёсках. Учора ў 6 гадзін вечара ўся Мінская вобласць свеціцца. Гараць агні. <…> Усе на вуліцах ліхтары ўключаныя, усё ззяе. Мінская вобласць і туды далей — усё гарыць. А шостай гадзіне вечара. Навошта? Ужо а палове восьмай можна адключыць раніцай святло на вуліцы, асабліва цяпер, калі святла шмат. Не — усе ліхтары гараць”, — цытавала прамоўцу яго прэс-служба.

“Наракайце самі на сябе. Будзеце плаціць мінімум са сваёй кішэні”, — сказаў ён чыноўнікам.

Паводле слоў Лукашэнкі, яму далажылі аб “некарэктнай працы фотаэлементаў“. “Глупства поўнае. Адрэгулюйце гэтыя фотаэлементы, каб электрычнасць аўтаматычна са штучным вашым інтэлектам адключалася ў 7 гадзін раніцы. І загаралася святло не ў 6 гадзін вечара, а ў 8. Палічыце — 4-5 гадзін [лішніх] гарыць уся краіна, свеціцца. Колькі мы трацім грошай! Вось вашы падыходы”, — дадаў Лукашэнка.

На яго думку, з такім падыходам чыноўнікі “краіну хочуць прывесці да вайны”: “Ну дык майце на ўвазе, што нам жа наперадзе прыйдзецца ісці. Вам у штурмавых атрадах давядзецца”.

6 лютага Лукашэнка на нарадзе з урадам зноў настойваў на эканоміі электраэнэргіі. Мяркуючы па выказваннях, цяпер яго больш цікавіць ранняе выключэнне асвятлення раніцай, а не больш позняе яго ўключэнне ўвечары, што выклікала крытыку насельніцтва: “[Старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір] Кухараў на пятнаццаць хвілін або на дзесяць нават святло выключыў раней — божа мой, з Украінай параўналі. Дзесяць хвілін! А ніхто не палічыў, што гэтыя дзесяць-пятнаццаць хвілін [адсутнасці асвятлення], як Уладзімір Яўгенавіч кажа, па годзе даюць тры малочна-таварныя комплексы па кошце і сем прафілакторыяў для цялятаў, як модна цяпер казаць“.

Падзяліцца: