Мінск 19:25

Ціханоўская пацвердзіла, што лічыць расійскі ўплыў пагрозай для Беларусі

Трансляцыя слуханняў у КР / стоп-кадр: "Позірк"

7 лютага, Позірк. Стаўленне да расійскага ўплыву як да пагрозы для Беларусі пацвердзіла кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) Святлана Ціханоўская 7 лютага ў Варшаве на слуханнях у Каардынацыйнай радзе (КР).

Сваю пазіцыю палітык выказала, адказваючы дэлегату КР ад фракцыі “Наша справа” Віталю Рымашэўскаму, які запытаўся, ці лічыць яна “расійскую гібрыдную агрэсію супраць Беларусі галоўнай экзістэнцыйнай пагрозай існаванню беларускай нацыі — агрэсію, якая сёння знішчае культуру, адукацыю, мову, медыя, рэлігію”.

“Вядома, адказ — так. Я лічу, што вось гэтая магчымасць Расіі ўплываць у Беларусі не толькі на вайсковую сферу, але і на медыя, адукацыю, нацыянальную ідэнтычнасць дастаткова крытычная, — адзначыла дэмлідар. — Вядома, мы не можам супрацьстаяць усяму ў Беларусі, але, напрыклад, тое, што альтэрнатыўныя медыя працуюць (і працуюць на беларусаў унутры краіны), — гэта супрацьдзеянне гэтай расійскай гібрыднай атацы ў сферы медыя”.

У сітуацыі, калі “беларуская культура знішчаецца, гісторыя перапісваецца”, Ціханоўская падзякавала “тым беларусам, якія <…> захоўваюць гісторыю, тлумачаць яе простай, дасціпнай мовай беларусам унутры краіны”.

“Вы ж ведаеце, што калі беларусы (ёсць такія выпадкі) размаўляюць на беларускай мове — гэта такая “чырвоная картка” для гэбэшнікаў, міліцыянтаў, што гэта ненадзейны чалавек, трэба яго праверыць, — сказала яна. — Таму людзі збіраюцца на кватэрніках беларускіх, спяваюць беларускія песні. Мова стала спосабам супраціву. <…> Бацькі могуць проста адукоўваць дзетак на беларускай мове — пакуль ім прамываюць мазгі ў школках. Расказваць, дзе праўда, дзе хлусня”.

“Па ваенцы мы нічога зрабіць не можам. Па эканоміцы, вядома, Лукашэнка больш і больш штурхае нашу краіну ў залежнасць ад расійскай эканомікі. Я ўдзячная прадстаўніцы [АПК] па эканоміцы Алесі Рыжычэнка, што яна распрацавала дакумент, які вельмі добра адлюстроўвае, якія будуць выгоды ад нашай еўрапейскай будучыні. Што нават гэты цяжар, калі будзе рэзкае заканчэнне дармовага газу і нафты ў Беларусі, гэта можна таксама пераадолець. Яна дае канкрэтныя крокі, як гэта можна зрабіць”, — дадала палітык.

Такім чынам, паводле яе слоў, можна супрацьдзейнічаць расійскаму ўплыву, хоць і “не ва ўсіх сферах”. Ціханоўская прызнала, што для гэтага “няма такіх моцных інструментаў унутры краіны, але звонку хоць нешта ды можна рабіць”.

Падзяліцца: