Мінск 19:41

Ціханоўская прапанавала правесці ў Беларусі “агульную палітычную амністыю”

Ілюстрацыйнае фота: pixabay.com

7 лютага, Позірк. Разарваць кола рэпрэсій шляхам агульнай амністыі прапанавала кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) Святлана Ціханоўская 7 лютага ў Варшаве на слуханнях у Каардынацыйнай радзе.

Палітык звязала апошнія выпадкі вызвалення палітвязняў з тым, што “санкцыі працуюць, як бы рэжым ні спрабаваў паказаць адваротнае”. “Дзякуючы санкцыям ужо былі вызваленыя сотні людзей, у тым ліку палітычныя лідары — Сяргей [Ціханоўскі], Маша [Калеснікава], Віктар [Бабарыка], Алесь Бяляцкі, Аляксандр Ярашук, многія іншыя”, — падкрэсліла яна.

Выхад людзей на волю стаўся магчымым таксама дзякуючы “бліскучай дыпламатыі [спецпасланніка прэзідэнта ЗША па Беларусі] Джона Коўла і амерыканскай адміністрацыі”, упэўненая Ціханоўская.

“Гэтыя вызваленні сталі магчымыя і дзякуючы нашай працы, бо ўсе гэтыя гады мы працавалі над тым, каб паставіць кейс Беларусі на міжнародны парадак дня і зацікавіць у тым ліку амерыканскую адміністрацыю”, — дадала кіраўніца АПК.

Спікер канстатавала, што “гэты працэс далёка не ідэальны”. “Вызваленні адбываюцца, але людзей дэпартуюць. Нехта выходзіць на свабоду, але саджаюць новых, — патлумачыла яна. — І цяпер наша задача, каб людзі не толькі выйшлі на свабоду, але і былі спыненыя рэпрэсіі. Каб гэтыя вызваленні адкрылі шлях для доўгатэрміновых сістэмных змен у краіне”.

“Адным з рашэнняў магла б быць агульная палітычная амністыя — не толькі вызваленні, але і поўнае закрыццё спраў і спыненне пераследу, што адкрые людзям шлях да вяртання дадому. Мы бачым, што адбылося на гэтым тыдні ў Венесуэле (апошнім часам улады ў Каракасе вызвалілі сотні палітвязняў, цяпер анансавалі вызваленне ўсіх. — “Позірк”.), а значыць, гэта магчыма і ў Беларусі”, — перакананая Ціханоўская.

На 7 лютага, згодна з двума буйнымі спісамі праваабаронцаў, у Беларусі ад 1.147 да 1.190 чалавек са статусам палітвязня (агулам з 2020 года пацвержданыя імёны каля 8,1 тыс. асуджаных з палітычных матываў). Сотні тысяч чалавек пакінулі краіну пасля падзей пяцігадовай даўніны, у тым ліку праз пагрозу палітычных рэпрэсій.

Падзяліцца: