Мінск 09:39

Колькасць загінулых на пажарах перавысіла з пачатку года 150 чалавек

Фота: pixabay.com

8 лютага, Позірк. За мінулыя дзяжурныя суткі (з 6:00 7 лютага да 6:00 8 лютага) ахвярамі агню ў Беларусі сталі яшчэ чатыры чалавекі, сведчаць аператыўныя даныя Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Тры чалавекі загінулі на пажары ў Гродне, пра гэта паведамлялася напярэдадні.

Адзін смяротны выпадак зафіксаваны ў Полацкім раёне (Віцебская вобласць).

З пачатку 2026 года ў краіне здарыліся 1.222 пажары — у 1,89 раза больш, чым за той жа перыяд 2025-га (647). На іх загінулі 152 чалавекі (у 1,79 раза больш; 85), траўмавана — 99 (у 2,02 раза больш; 49), выратавана — 97 (у 1,83 раза больш; 53).

На прэс-канферэнцыі 4 лютага першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення нагляду і прафілактыкі МНС Васіль Сіўчак заявіў, што асноўнымі прычынамі пажараў з гібеллю людзей з’яўляюцца “неасцярожнае абыходжанне з агнём і курэнне ў месцах сну, як правіла, у стане алкагольнага ап’янення”.

Спаслаўшыся на статыстычныя даныя, прадстаўнік ведамства адзначыў, што амаль 70% пажараў з гібеллю людзей здараецца з кастрычніка па сакавік, калі насельніцтва “ўзмоцнена эксплуатуе цеплагенерыруючыя апараты”.

Падзяліцца: