Мінск 14:04

Грызлоў назваў “беспрэцэдэнтным у сусветным маштабе” ўзровень інтэграцыі Беларусі і Расіі

Ілюстрацыя: амбасада РФ у Беларусі

8 лютага, Позірк. Беларусь з’яўляецца “найбліжэйшым саюзнікам і галоўным стратэгічным партнёрам” Расіі. Пра гэта заявіў у інтэрв’ю ТАСС амбасадар РФ у Беларусі Барыс Грызлоў.

“У нас выбудаваны інтэнсіўны і вельмі эфектыўны палітычны дыялог, пра што наглядна сведчыць беспрэцэдэнтная колькасць прамых кантактаў паміж кіраўнікамі нашых дзяржаў падчас рэгулярных асабістых сустрэч і яшчэ больш частых тэлефонных размоў. І гэта не лічачы пастаяннага, практычна ў рэальным часе ўзаемадзеяння на ўзроўні ўрадаў, парламентаў, профільных міністэрстваў і ведамстваў”, — сказаў дыламат.

Адзначыўшы, што 25 лютага ў Маскве пройдзе пасяджэнне Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы пад кіраўніцтвам прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі, Грызлоў падкрэсліў: “Не думаю, што хто-небудзь яшчэ ў свеце можа пахваліцца такім узроўнем каардынацыі”.

“У 2025 годзе Беларусь прыняла 12 візітаў расійскіх дэлегацый на вышэйшым і высокім узроўні. Што датычыцца працы амбасады, то за мінулыя 12 месяцаў нашы дыпламаты выступілі арганізатарамі або прынялі ўдзел у больш чым 400 мерапрыемствах. Такі шчыльны графік — прамое следства інтэнсіўнасці сумеснай працы”, — заявіў амбасадар.

“Нашы краіны, — дадаў ён, — выступаюць з адзіных пазіцый па ўсіх міжнародных пытаннях. Мы цесна супрацоўнічаем у рамках інтэграцыйных структур (АДКБ, ЕАЭС, СНД, ШАС, БРІКС) і міжнародных арганізацый, разам прасоўваем прыярытэтныя ініцыятывы, якія тычацца ў тым ліку пытанняў фарміравання новай архітэктуры еўразійскай бяспекі”.

Паводле слоў Грызлова, у 2025 годзе “адбылося больш за 100 візітаў у Беларусь расійскіх дэлегацый рознага ўзроўню з больш чым 60 суб’ектаў федэрацыі, у тым ліку 44 паездкі — на чале з губернатарамі”, “18 кіраўнікоў рэгіёнаў былі прынятыя <…> Лукашэнкам”.

“Што датычыцца сферы бяспекі, Узброеныя сілы Расіі і Беларусі паспяхова абараняюць рубяжы Саюзнай дзяржавы. Ужо шмат гадоў функцыянуюць рэгіянальная групоўка войскаў і адзіная сістэма СПА”, — сказаў Грызлоў.

Праведзеныя ў верасні мінулага года сумесныя стратэгічныя вучэнні “Захад-2025” пацвердзілі наяўнасць у Беларусі і РФ “абароннага патэнцыялу, дастатковага для адбіцця любых пагроз”, падкрэсліў ён.

“З 2024 года ў Беларусі размешчаная расійская тактычная ядзерная зброя, а ў канцы снежня 2025 года паводле дамоўленасці Уладзіміра Уладзіміравіча Пуціна і Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі ў рэспубліцы заступілі на баявое дзяжурства расійскія ракетныя комплексы “Арэшнік”. Гэты крок з’яўляецца часткай практычнай рэалізацыі двухбаковага дагавора аб гарантыях бяспекі ў рамках Саюзнай дзяржавы, які ўступіў у сілу ў сакавіку”, — адзначыў дыпламат.

За “апошнія гады”, дадаў Грызлоў, праведзена “значная работа па фарміраванні агульнай прасторы ад Брэста да Уладзівастока ў сацыяльна-эканамічнай, гуманітарнай, міграцыйнай і многіх іншых сферах”.

“На сённяшні дзень нарматыўна-прававая база Саюзнай дзяржавы налічвае больш за 740 дакументаў, якія ахопліваюць практычна ўсе сферы жыцця. Гарманізацыя заканадаўства — працяглы і складаны працэс, і яго канчатковая мэта — забеспячэнне роўных правоў грамадзян. Пра тое, як далёка мы прасунуліся, кажа хоць бы той факт, што з 29 кастрычніка 2025 года грамадзяне Расіі і Беларусі, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі іншага ўдзельніка Саюзнай дзяржавы, атрымалі права абіраць і быць абранымі ў органы мясцовага самакіравання”, — заявіў амбасадар.

Пры гэтым, паводле яго слоў, “многае яшчэ трэба будзе зрабіць”: “На парадку дня — пытанні распрацоўкі Саюзнай сімволікі, далейшага выраўноўвання ўмоў для бізнесу, выпрацоўка агульных правілаў дзейнасці СМІ. Але нават па стане на сённяшні дзень узровень расійска-беларускай інтэграцыі з’яўляецца беспрэцэдэнтным у сусветным маштабе”.

2 красавіка 1996 года першы прэзідэнт РФ Барыс Ельцын і Аляксандр Лукашэнка падпісалі дамову аб стварэнні супольнасці Беларусі і Расіі, 2 красавіка 1997-га — дагавор аб саюзе Беларусі і Расіі. 23 траўня 1997 года быў прыняты статут саюза. 8 снежня 1999 года падпісаны Дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, які набыў моц 26 студзеня 2000 года.

Расія пачала фарсіраваць тэму інтэграцыі з Беларуссю ў снежні 2018 года. Дзмітрый Мядзведзеў, які займаў на той момант пасаду прэм’ер-міністра РФ, фактычна ўвязаў максімальнае збліжэнне дзвюх краін з далейшай падтрымкай Мінска з боку Масквы.

На пасяджэнні Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы ў лістападзе 2021 года Лукашэнка і Пуцін падпісалі дэкрэт, якім зацвердзілі 28 саюзных праграм інтэграцыі. На сумеснай прэс-канферэнцыі 13 сакавіка 2025-га ў Маскве расійскі лідар паведаміў, што “ўсе 28 праграм, якія былі намечаныя, выкананыя на 100%“.

Новы амбасадар Беларусі ў РФ Селіверстаў: Дынаміка рэалізацыі сумесных праектаў не надта высокая

26 студзеня, Позірк. Дынаміка рэалізацыі сумесных праектаў з Расіяй "не надта высокая", заявіў новы амбасадар Беларусі ў РФ, былы міністр фінансаў Юрый Селіверстаў у эфіры тэлеканала "Беларусь 1" 25 студзеня. На яго думку, гэта ў тым ліку звязана з "завышанымі …
Падзяліцца: