Мінск 14:10

За мінулы тыдзень правам бязвізавага ўезду ў Беларусь скарыстаўся 2.441 еўрапеец

Ілюстрацыйнае фота: Дзяржпагранкамітэт

9 лютага, Позірк. З 2 па 9 лютага ў бязвізавым парадку ў Беларусь уехаў 2.441 грамадзянін еўрапейскіх дзяржаў (тыднем раней — 2.418), сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз даных Дзяржаўнага пагранічнага камітэта.

За апошні тыдзень у Беларусь прыбыло 797 грамадзян Літвы (807), 627 грамадзян і неграмадзян Латвіі (702), 531 грамадзянін Польшчы (582), 486 грамадзян іншых еўрапейскіх дзяржаў са спісу пашыранага бязвізу (327).

Агулам з 15 красавіка 2022 года Беларусь наведала 1.270.850 жыхароў Еўропы. З Латвіі прыбыло 408.603 замежнікі, з Літвы — 666.745, з Польшчы — 135.354. У рамках пашыранага бязвізу для 35 еўрапейскіх дзяржаў з 19 ліпеня 2024 года ў Беларусь уехала 60.118 чалавек.

Бязвізавы рэжым дзейнічае з 15 красавіка 2022 года для жыхароў Латвіі і Літвы, з 1 ліпеня таго ж года — Польшчы. 19 ліпеня 2024 года беларускія ўлады распаўсюдзілі бязвізавы рэжым на грамадзян яшчэ 35 краін Еўропы.

9 снежня 2025 года Аляксандр Лукашэнка падоўжыў бязвізавы ўезд для грамадзян 38 еўрапейскіх краін да 31 снежня 2026 года ўключна.

Пашыраны бязвіз тычыцца жыхароў Андоры, Аўстрыі, Бельгіі, Балгарыі, Босніі і Герцагавіны, Ватыкана, Венгрыі, Вялікабрытаніі, Германіі, Грэцыі, Даніі, Ірландыі, Ісландыі, Іспаніі, Італіі, Кіпра, Люксембурга, Ліхтэнштэйна, Мальты, Манака, Нарвегіі, Нідэрландаў, Партугаліі, Паўночнай Македоніі, Румыніі, Сан-Марына, Славакіі, Славеніі, Фінляндыі, Францыі, Харватыі, Чэхіі, Швейцарыі, Швецыі і Эстоніі.

Большасць гэтых краін рэжым Лукашэнкі лічыць “недружалюбнымі” за тое, што ўвялі санкцыі альбо далучыліся да іх.

Падзяліцца: