Мінск 13:49

Біскуп Велікаселец будзе пахаваны ў сваёй роднай парафіі ў Пружанскім раёне

Архіўнае фота: catholic.by

11 лютага, Позірк. Дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі на пенсіі Казімір Велікаселец будзе пахаваны 12 лютага, вынікае з праграмы развітання і пахавання на партале Рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі.

11 лютага у 18:30 адбудзецца святая імша з нешпарамі ў катэдральным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Пінску (Брэсцкая вобласць).

На 11:00 12 лютага запланаваная ютрань, на 11:30 — пахавальная святая імша і абрады пахавання ў Пінскім катэдральным касцёле.

Пасля імшы труна з целам біскупа Велікасельца будзе перавезенае — згодна з тэстаментам — у яго родную парафію ў Шэрашаве (Пружанскі раён Брэстскай вобласці). Каталіцкага іерарха пахаваюць на могілках ля мясцовага касцёла.

Біскуп Велікаселец памёр 8 лютага на 81-м годзе жыцця. Ён пайшоў з жыцця ў Гомельскім гарадскім кардыялагічным цэнтры.

Казімір Велікаселец нарадзіўся 5 траўня 1945 года ў вёсцы Стараволя Пружанскага раёна. У 1984 годзе скончыў Рыжскую духоўную семінарыю.

Служыў у касцёле Святой Тройцы ў Ішкалдзі (Баранавіцкі раён Брэсцкай вобласці).

У 1992 годзе прызначаны генеральным вікарыем Пінскай дыяцэзіі, адначасова выконваў абавязкі дэкана Баранавіцкага дэканата і пробашча касцёла Узвышэння Святога Крыжа ў Баранавічах.

Пасвечаны ў біскупы ў 1999 годзе.

Да 10 кастрычніка 2024 года працягваў выконваць паўнамоцтвы дапаможнага біскупа Пінскай дыяцэзіі.

Падзяліцца: