Мінск 14:02

30 літаграфій паводле малюнкаў Напалеона Орды — новы набытак ініцыятыва MALDZIS

Фота: Аліна Мазавец / MALDZIS

11 лютага, Позірк. Пра набыццё 30 літаграфій паводле малюнкаў ураджэнца беларускай зямлі Напалеона Орды паведаміла ініцыятыва MALDZIS 11 лютага — у 219-ю гадавіну з дня нараджэння вядомага мастака і кампазітара.

Адзначаецца, што 19 літаграфій прысвечаныя “краявідам і архітэктурным помнікам у межах сучаснай Беларусі”, астатнія тычацца “сучасных Літвы, Украіны і Польшчы”.

“Набытая калекцыя ўтрымлівае выявы замкаў, палацаў, касцёлаў і сядзібаў у такіх гарадах і вёсках Беларусі, як Шаўры, Ліда, Крэва, Геранёны, Гейстуны, Дзевятня, Жамыслаўль, Нясвіж, Мір, Наваградак, Грушаўка, Смольгаў, Лагойск, Бялынічы, Гомель, Асвея, Камянец, Скокі, Высокае”, — гаворыцца ў паведамленні.

Літаграфіі былі створаныя ў 1870-я гады ў Варшаве Алаізам Місуровічам у майстэрні Максімільяна Фаянса. На творах маецца арыгінальны подпіс Орды.

“Літаграфіі былі надрукаваныя ў альбоме гістарычных відаў Рэчы Паспалітай (Album Widokόw Historycznych Polski poświęcony Rodakom zrysowany z natury przez Napoleona Ordę). Выданне альбома фінансаваў сам Напалеон Орда”, — паведаміла ініцыятыва.

Паведамляецца, што ў 1873–1883 гадах з друку выйшла “8 серый гэтага альбома з 260 літаграфіямі агульным накладам звыш 1.000 асобнікаў”. Пры гэтым “каля паловы арыгінальных малюнкаў, з якіх былі вырабленыя гэтыя 260 літаграфій, лічацца страчанымі”.

Кіраўнік ініцыятывы MALDZIS, былы дыпламат Павел Мацукевіч заявіў, што ў будучыні калекцыя будзе перададзеная “ў музей Напалеона Орды, што месціцца ў адноўленай радавой сядзібе мастака ў Варацэвічах” (зараз там толькі адна арыгінальная літаграфія). Да тае пары літаграфіі “будуць выстаўляцца падчас адмысловых мерапрыемстваў за мяжой”.

Частка калекцыі, прысвечаная беларускай зямлі, будзе экспанавацца 28 лютага — 8 сакавіка ў варшаўскім Музеі вольнай Беларусі.

Напалеон Орда нарадзіўся 11 лютага 1807 года ў вёсцы Варацэвічы Пінскага павета Менскай губерні (цяпер на тэрыторыі Брэсцкай вобласці). Скончыў Свіслацкую гімназію, паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Віленскага ўніверсітэта. За ўдзел у тайным студэнцкім таварыстве “Заране” ў 1827 годзе быў адлічаны і арыштаваны. Пасля 15 месяцаў у няволі вярнуўся ў Варацэвічы, дзе за ім наглядала паліцыя.

Удзельнічаў у паўстанні 1830–1831 гадоў, пасля яго падаўлення быў вымушаны выехаць за мяжу. Жыў у Аўстрыі, Швейцарыі, Італіі; у 1833 годзе атрымаў статус эмігранта ў Францыі і застаўся ў Парыжы.

З 1847 года працаваў дырэктарам Італьянскай оперы ў Парыжы.

Першыя цыклы малюнкаў Орды з’явіліся пасля падарожжа ў 1840–1842.

У 1856 годзе, пасля абвяшчэння расійскім імператарам Аляксандрам ІІ амністыі для палітычных эмігрантаў, вярнуўся на радзіму. Спачатку жыў ў Варацэвічах, потым — у Гродне, пасля — на Валыні.

У 1866 годзе Орда быў арыштаваны паводле падазрэння ва ўдзеле ў паўстанні 1863 года і трапіў у Кобрынскі турэмны замак. Пасля вызвалення яму дазволілі пасяліцца ў сваякоў у маёнтку Моладава ў Кобрынскім павеце.

Орда маляваў падчас шматлікіх падарожжаў па тэрыторыі сучасных Беларусі, Літвы, Польшчы, Украіны. Мастацкая спадчына налічвае больш за 1.150 акварэляў і графічных работ, у тым ліку звыш 200 замалёвак беларускіх мясцінаў. Паводле інфармацыі ініцыятывы MALDZIS, “дзве траціны зафіксаваных ім аб’ектаў альбо ўжо не існуе, альбо іх знешні выгляд істотна змяніўся”.

Орда з’яўляецца аўтарам больш як 20 паланэзаў, мазурак, вальсаў, накцюрнаў, полек, серэнад, а таксама рамансаў і песень.

Падзяліцца: