Мінск 14:57

Рознічны тавараабарот у студзені павялічыўся на 1,2%, годам раней рост складаў 12,5%

Ілюстрацыйнае фота: 1prof.by

16 лютага, Позірк. У студзені 2026 года рознічны тавараабарот склаў 7,9 млрд рублёў, павялічыўшыся на 1,2% у супастаўных цэнах да аналагічнага перыяду 2024-га, сведчаць даныя Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

У студзені 2025-га рост быў на ўзроўні 12,5% (у цэлым за мінулы год склаў 6,6%). У студзені — лютым рост складаў 10%, студзені — сакавіку — 10,8%, студзені — красавіку — 10%, студзені — траўні — 9,3%, студзені — чэрвені — 9%, студзені — ліпені — 8,6%, студзені — жніўні — 8,6%, студзені — верасні — 8,5%, студзені — кастрычніку — 7,7%, студзені — лістападзе — 7,1%.

Такім чынам запаволенне росту працягваецца.

Тавараабарот у сферы грамадскага харчавання ў студзені 2026-га знізіўся ў гадавым выражэнні на 3,1% (месяцам раней — 5,1%) — да 570 млн рублёў.

Рознічны тавараабарот арганізацый гандлю, на які прыпала 95,8% (месяц таму 95,6%) усяго рознічнага тавараабароту, вырас на 1,5% да 7,6 млрд рублёў (+7,2%).

Аптовы тавараабарот знізіўся на 9,2% да 12,3 млрд рублёў (-4,9%).

Спажывецкія цэны ў студзені 2026 года выраслі на 0,5%, у гадавым вымярэнні — на 6,4%.

Леась інфляцыя склала 6,8%. Згодна з зацверджанымі Аляксандрам Лукашэнкам найважнейшымі прагнознымі параметрамі развіцця краіны на 2025 год цэны не павінны былі вырасці больш як на 5%. Такім чынам, афіцыйная інфляцыя па выніках года перавысіла планавы паказчык на 1,8 працэнтнага пункта.

Памесячныя паказчыкі “дапушчальнага росту цэн” да канца 2026 года зацверджаныя пастановай Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю № 84 ад 30 снежня 2025-га.

Гадавы прырост не павінен перавысіць 7%, як і закладзена ў зборы найважнейшых прагнозных паказчыкаў развіцця Беларусі.

У студзені цэны не павінны былі вырасці больш як на 0,7% да ўзроўню снежня 2025-га (па факце 0,5%).

Далей нарастальным вынікам: люты — не больш за 2%, сакавік — 2,5%, красавік — 3,1%, травень — 3,4%, чэрвень — 3,8%, ліпень — 4%, жнівень — 4,2%, верасень — 4,9%, кастрычнік — 5,5%, лістапад — 6,2%.

Тэндэнцыю інфляцыі, якая ўсё расце, “неабходна пераламаць”, заявіў Лукашэнка 9 верасня 2025 года ў Мінску на нарадзе з апаратам Нацыянальнага банка і кіраўніцтвам банкаў.

Паводле інфармацыі Нацбанка, адчувальная інфляцыя, паводле вынікаў штоквартальнага апытання насельніцтва, у снежні 2025 года ў гадавым вымярэнні склала 11,3%, чаканая інфляцыя ў наступныя 12 месяцаў — 11,2%.

У верасні 2025-га гэтыя паказчыкі былі роўныя 11,2% і 10,7% адпаведна. Такім чынам, паказчык адчувальнай інфляцыі вырас на 0,1 п.п., чаканай — на 0,5.

Падзяліцца: