Мінск 13:42

Украіна ўвяла санкцыі супраць Лукашэнкі (дапоўнена)

Фота: прэс-служба Уладзіміра Зяленскага

18 лютага, Позірк. Аб увядзенні Украінай санкцый супраць Аляксандра Лукашэнкі паведаміў прэзідэнт краіны Уладзімір Зяленскі ў сваім тэлеграм-канале.

Зяленскі заявіў, што Украіна “актывізуе супрацьдзеянне ўсім формам садзейнічання” Лукашэнкі “забойствам украінцаў” і будзе “працаваць з партнёрамі так, каб гэта мела глабальны эфект”.

Паводле слоў украінскага прэзідэнта, у другой палове 2025 года на тэрыторыі Беларусі расіяне разгарнулі сістэму рэтранслятараў для кіравання ўдарнымі дронамі, што павялічыла магчымасці арміі РФ наносіць удары па паўночных абласцях Украіны — Кіеўскай, Валынскай і інш.

“Частку ўдараў, у прыватнасці, па энергетычных аб’ектах і чыгунцы ў нашых рэгіёнах, расіяне не змаглі б нанесці без такой дапамогі Беларусі. Больш за 3 тыс. прадпрыемстваў Беларусі пастаўлены на службу расійскай вайне і пастаўляюць тэхніку, абсталяванне і кампаненты, аднесеныя да катэгорыі крытычна важных. У прыватнасці, гэта і кампаненты для вытворчасці ракет, якія тэрарызуюць нашы гарады і вёскі”, — адзначыў Зяленскі.

Ён таксама звярнуў увагу, што ў Беларусі працягваецца развіццё інфраструктуры для размяшчэння расійскага ракетнага комплексу “Арэшнік”, што “з’яўляецца відавочнай пагрозай не толькі для ўкраінцаў, але і для ўсіх еўрапейцаў”: “Аляксандр Лукашэнка не толькі прадаставіў тэрыторыю Беларусі для “Арэшніка”. Летась прадпрыемствы краіны пастаўлялі Расіі крытычныя вузлы, кампаненты і механічную базу для гэтай зброі. Гэта працягваецца і ў 2026-м”.

Зяленскі падкрэсліў, што Лукашэнка ўжо даволі даўно “абменьвае суверэнітэт Беларусі на працяг асабістай улады, дапамагае расіянам абыходзіць санкцыі за гэтую агрэсію, актыўна апраўдвае расійскую вайну, а цяпер яшчэ і павялічвае свой уласны ўдзел у маштабаванні і зацягванні вайны”.

“За гэта будуць асаблівыя наступствы”, — рэзюмаваў кіраўнік украінскай дзяржавы.

Згодна з указам Зяленскага, Лукашэнка пазбаўлены дзяржаўных узнагарод Украіны (ордэнаў князя Яраслава Мудрага, уручаных яму ў 1997 годзе і 2009 гадах 5 і 1 ступені адпаведна. — “Позірк”.), уведзеныя блакіроўка яго актываў і забарона на карыстанне і распараджэнне імі. Санкцыі таксама прадугледжваюць поўнае спыненне гандлёвых аперацый; абмежаванне або спыненне транзіту рэсурсаў, палётаў і перавозак па тэрыторыі Украіны; прадухіленне вываду капіталаў з Украіны; прыпыненне выканання эканамічных і фінансавых абавязацельстваў; ануляванне або прыпыненне ліцэнзій і іншых дазволаў; забарону на ўдзел у прыватызацыі і дзяржзакупках; забарону на заход ваенных караблёў і самалётаў; забарону на перадачу тэхналогій і правоў інтэлектуальнай уласнасці; спыненне культурнага, навуковага і спартыўнага супрацоўніцтва; забарону на ўезд ва Украіну; забарону на набыццё ва ўласнасць зямельных участкаў.

У кастрычніку 2022 года Зяленскі ўвёў у дзеянне пастанову Рады нацыянальнай бяспекі і абароны (РНБА) аб санкцыях у дачыненні да жонкі Аляксандра Лукашэнкі Галіны тэрмінам на 10 гадоў. Яны прадугледжваюць 13 абмежавальных мер, уключаючы блакаванне актываў і забарону набыцця зямельных участкаў.

22 студзеня 2026 года Зяленскі заявіў пра Беларусь на Сусветным эканамічным форуме ў Давосе (Швейцарыя): “Ніхто не дапамог яе народу, і цяпер расійскія ракеты “Арэшнік” разгорнутыя ў Беларусі і дастаюць да большасці еўрапейскіх сталіц”.

На яго думку, гэтага не адбылося б, калі б беларускі народ атрымаў перамогу ў 2020 годзе. “І мы гаварылі сваім еўрапейскім партнёрам шмат разоў: дзейнічайце прама зараз супраць гэтых ракет у Беларусі. Ракеты ніколі не бываюць проста дэкарацыяй. Але Еўропа дагэтуль у “рэжыме Грэнландыі” (слабая рэакцыя на імкненне ЗША анэксаваць гэты дацкі востраў. — “Позірк”.): можа, калісьці нехта нешта зробіць”, — заявіў украінскі кіраўнік.

25 студзеня гэтага года першыя поўнафарматныя двухбаковыя перамовы правялі Зяленскі і дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская ў Вільнюсе, дзе ўдзельнічалі ў мерапрыемствах у памяць аб удзельніках паўстання 1863–64 гадоў супраць расійскага царызму.

Па выніках сустрэчы быў анансаваны візіт Ціханоўскай у Кіеў.

Сустрэча з прэзідэнтам Украіны была вельмі важнай, заявіла дэмлідар 14 лютага на прысвечанай Беларусі панэлі Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы.

24 лютага 2022 года Расія пачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны — найбуйнейшую ў Еўропе пасля Другой сусветнай. Рэжым Лукашэнкі прадаставіў войску РФ тэрыторыю для нападу на суседнюю краіну ўзімку і ўвесну 2022 года, а затым цягам многіх месяцаў з Беларусі вяліся абстрэлы ўкраінскіх гарадоў. На тэрыторыі краіны таксама лячылі расійскіх вайскоўцаў. Расследвальнікі неаднаразова прадстаўлялі звесткі, якія сведчаць пра тое, што многія беларускія прадпрыемствы актыўна займаюцца вытворчасцю на карысць расійскага вайскова-прамысловага комплексу.

Падзяліцца: