Мінск 10:32

Сем банкаў паведамілі пра новаўвядзенні ў працы з кліентамі

Ілюстрацыйнае фота: pixabay.com

20 лютага, Позірк. Сем банкаў, што працуюць у Беларусі, паведамілі пра змяненні асобных правілаў абслугоўвання і надалі новыя магчымасці для кліентаў, сведчыць праведзены “Позіркам” маніторынг іх актуальных прэс-рэлізаў.

Банк “РРБ” увёў новы тарыф за абслугоўванне бягучых рахункаў у агульнай еўрапейскай валюце пры наяўнасці на іх сумарнай сярэднядзённай рэшты, якая перавышае 300 тыс. еўра. Камісія будзе спаганяцца штомесяц, памер — 0,2% сумы перавышэння.

“Белаграпрамбанк” прадставіў для індывідуальных прадпрымальнікаў і юрыдычных асоб з сегмента малога і мікрабізнесу новы пакет разлікова-касавага абслугоўвання “SMART Безліміт+”. Сярод іншага ён уключае неабмежаваную колькасць унутраных рублёвых пераводаў; бясплатны прыём наяўных рублёў праз касу банка, банкаматы, аўтаматычныя дэпазітныя машыны ў памеры 10 тыс. рублёў на месяц; два бясплатныя міжнародныя пераводы ў расійскіх рублях з рахунку кліента; выпуск неабмежаванай колькасці картак плацежнай сістэмы “Белкарт”, а таксама адной карткі Platinum і дзвюх картак Business на тэрмін дзеяння дагавора (Visa/Mastercard); бясплатнае адкрыццё разліковых рахункаў у рублях і замежных валютах; бясплатнае сведчанне подпісаў на банкаўскай картцы, дыстанцыйнае інфармаванне (Viber/SMS/email).

“Беларусбанк” пашырыў крэдытную лінейку на набыццё аўтамабіляў у дылераў СЗАТ “БелДжы”. Новы крэдыт выдаецца на наступныя мадэлі Geely: Okavango, Coolray, Preface, Monjaro і Atlas. Крэдыт выдаецца на тэрмін да 10 гадоў. Працэнтная стаўка на працягу грэйс-перыяду (першых 12 месяцаў) — 10% гадавых (стаўка рэфінансавання Нацбанка плюс 0,25 працэнтнага пункта), далей — 16,25% гадавых (стаўка рэфінансавання Нацбанка плюс 6,5 п.п.). Памер крэдыту — да 90% кошту аўтамабіля ў межах плацежаздольнасці заяўніка.

“Белгазпрамбанк” вызначыў значэнні мінімальнай сумы ўзнагароджання пры ажыццяўленні фізічнымі асобамі наступных аперацый: за р2р-перавод у рублях на плацежную картку іншага банка — рэзідэнта, у тым ліку праз нумар тэлефона — 1,5 рубля; перавод сродкаў з карткі свайго банка ў прыладах і сэрвісах іншых фінансава-крэдытных устаноў — 2 рублі; рублёвы перавод праз сістэму імгненных плацяжоў на рахунак фізічнай асобы ў іншым беларускім банку — 1,5 рубля; плацяжы на рахункі ў іншых беларускіх банках па рэквізітах кліентаў і пры выкарыстанні дыстанцыйных каналаў — 1% сумы (мінімум 1 рубель, максімум — 50).

“Белінвестбанк” прапануе праграму аўтакрэдытавання на папулярныя мадэлі “БелДжы”. Падчас ільготнага перыяду (36 месяцаў) стаўка складае 7,9% гадавых. Пасля яго завяршэння — 16,45%. Працягласць крэдытавання — да 10 гадоў. Крэдыт магчыма аформіць без закладу і паручальнікаў.

“Сбер Банк (Беларусь)” з 23 сакавіка не будзе спаганяць узнагароду за працэдуру ідэнтыфікацыі кліента па накіраванні форэкс-кампаніі ў падраздзяленнях банка; выдачу дублікатаў страхавых полісаў у рамках пакетаў прэміяльных банкаўскіх плацежных картак; занясенне карткі/плацежнага стыкера ў стоп-ліст на падставе пісьмовай заявы кліента.

“Тэхнабанк” будзе спаганяць камісію — 5% сумы аперацыі паводле афіцыйнага курсу — за абмен зношаных, пашкоджаных грашовых знакаў замежнай валюты (долары, еўра, расійскія рублі), якія захавалі прыкметы плацежнасці чыя сапраўднасць якіх не выклікае сумневу, на банкноты аналагічнай валюты тых жа ці іншых наміналаў.

На 1 студзеня 2026 года ў Беларусі быў зарэгістраваны 21 банк (тры з іх — са 100-працэнтным замежным удзелам). Іх прыбытак, паводле праведзенага “Позіркам” аналізу даных Нацбанка, склаў 4 млрд 458,4 млн рублёў — на 23,9% больш, чым на аналагічную дату 2025-га.

Запазычанасць па рублёвых і валютных крэдытах, выдадзеных банкамі юрыдычным асобам, на 1 студзеня склала 66 млрд 38,2 млн рублёў — на 12% больш, чым на пачатак 2025 года (58 млрд 952,8 млн).

У 2025 годзе банкі, што працуюць у Беларусі, выдалі фізічным асобам крэдытаў (у нацыянальнай і замежнай валютах) на 16 млрд 296,3 млн рублёў (тут і далей у эквіваленце) — на 2,9% менш, чым за 2024-ы (16 млрд 789,3 млн), сведчыць праведзены “Позiркам” аналіз даных рэгулятара. Запазычанасць на 1 студзеня 2026 года — 29 млрд 792,6 млн рублёў (год таму — 26 млрд 160,1 млн; +13,9%).

Падзяліцца: