Лукашэнка адпусціў Статкевіча дадому на падставе просьбаў яго сваякоў, заяўляе Эйсмант

20 лютага, Позірк. Сваякі Мікалая Статкевіча звярнуліся з просьбамі адпусціць яго дадому пасля перанесенага захворвання і аказанай медыцынскай дапамогі, і Аляксандр Лукашэнка іх ўхваліў, заявіла прэс-сакратар палітыка Наталля Эйсмант 20 лютага расійскаму прапагандысцкаму медыя “РИА Новости”.
“Для пачатку хачу нагадаць, што рашэнне пра памілаванне Мікалая Статкевіча прэзідэнт прыняў ужо даўно, — сказала яна. — Але тады ехаць у “райскі сад” Статкевіч адмовіўся і вярнуўся ў турму (апазіцыйнага лідара выпусцілі летась у верасні і спрабавалі супраць волі вывезці ў Літву, чаму ён запярэчыў. — “Позірк”.). З тае пары прайшло нямала часу — у асуджанага пачаліся праблемы са здароўем. У прыватнасці, здарыўся інфаркт галаўнога мозгу (адзін з відаў інсульту. — “Позірк”.)”.
Паводле слоў Эйсмант, Лукашэнку пра гэта паведамілі, пасля чаго ім “было прынятае рашэнне пра неадкладны перавод [Статкевіча] у бальніцу, дзе была забяспечаная ўся неабходная і своечасовая дапамога — яго выратавалі”.
Пасля гэтага, заявіла прэс-сакратар палітыка, Лукашэнку “паступілі шматлікія звароты сваякоў — жонкі, родных — з просьбамі адпусціць асуджанага дадому, каб мець магчымасць наглядаць і даглядаць яго”. “Прэзідэнт і з гэтым пагадзіўся. У сувязі з гэтым (наколькі нам вядома), на падставе просьбы родных, цяпер ён дома, аднаўляецца”, — сказала яна.
Пра тое, што Статкевіч знаходзіцца дома і аднаўляецца пасля інсульту напярэдадні ўвечары паведаміў праваабарончы цэнтр “Вясна” са спасылкай на жонку апазіцыйнага лідара Марыну Адамовіч.
Паведамленне з сумесным фота Адамовіч размясціла ў “Фэйсбуку” не ў адкрытым доступе (у статусе “для сяброў”), аднак яно амаль адразу з’явілася ў медыяполі.
Статкевіч быў затрыманы ў траўні 2020 года. 14 снежня 2021 года суддзя Мікалай Доля на выязным пасяджэнні Гомельскага абласнога суда прыгаварыў палітыка да 14 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах асаблівага рэжыму ў рамках палітычна матываванай справы.
11 верасня 2025 года Статкевіч і яшчэ 51 вязень былі вызваленыя ў рамках здзелкі паміж адміністрацыяй прэзідэнта ЗША Дональда Трампа і Аляксандрам Лукашэнкам.
Умовай быў выезд за мяжу. Вызваленых павезлі ў Літву, аднак Статкевіч адмовіўся выконваць умову Лукашэнкі. Некаторы час ён правёў паміж памежнымі пераходамі Каменны Лог (Беларусь) і Мядзінінкай (Літва), пасля чаго вярнуўся на беларускую тэрыторыю.
Яго далейшы лёс не быў вядомы. У асяроддзі палітыка не выключалі, што яго вярнулі ў калонію ў Глыбокім (Віцебская вобласць), дзе ён раней утрымліваўся.
Адамовіч падала ў міліцыю заяву ў сувязі з яго знікненнем. 17 верасня яна наведала калонію ў Глыбокім, дзе ёй адмовіліся пацвердзіць месцазнаходжанне мужа, паабяцаўшы, што адказ будзе дадзены “ў пісьмовым выглядзе” ў 15-дзённы тэрмін.
Напрыканцы лістапада “Вясна” паведаміла, што сваякі Статкевіча атрымалі ліст з МУС, паводле якога палітвязень “адбывае пакаранне ў адпаведнасці з прыгаворам ад 14.12.2021”. Пры гэтым дакладнае месцазнаходжанне так і не было пазначанае.
17 верасня на сустрэчы з “ідэалагічным актывам, гістарычнай і экспертнай супольнасцю”, прысвечанай “дню народнага адзінства”, Лукашэнка выказаўся пра сваіх палітычных праціўнікаў, якіх выпускаюць на волю. Паводле яго слоў, “некаторыя здзяйснялі і досыць сур’ёзныя злачынствы”.
“Ну [возьмем] нават вось гэтага Статкевіча. Ну, чалавек ужо на зыходзе. Ён жа ўжо хутка памрэ, не дай бог, у турме (Статкевічу 69 гадоў, Лукашэнку 71 год. — “Позірк”.). Ну навошта гэта трэба? Ну, ён хоча быць лідарам. Туды зайшоў — нібыта на нейтральную ці куды паласу, перайшоў да літоўцаў, хлопцы спыталі: “Ты што, у Беларусь хочаш? Ты ж у турму пойдзеш. — Пайду ў турму”, — перадаў Лукашэнка нібыта словы Статкевіча.
“Ну, добра. Забралі яго. Не кінуць яго, усё ж наш чалавек, грамадзянін, дакладней, наш. Ну, забралі яго ў Беларусь. Навошта крыўдзіць? Але калі ён хоча лідарам быць па спальванні аўтамабіляў і дамоў міліцыі, то няхай там знаходзіцца”, — сказаў Лукашэнка, не ўдакладніўшы месцазнаходжанне Статкевіча.
- Эканоміка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- ЭканомікаІнвестыцыі ў асноўны капітал знізіліся на 6,1% — Белстат (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 19 лютага 2026 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Бяспека, Грамадства
- Грамадства, Навіны ГерманііАд злачынстваў на вакзалах і ў цягніках на тэрыторыі Германіі за апошнія два гады пацярпела 66 беларускіх грамадзянМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка



