Мінск 18:49

КДБ дадаў у “спіс тэрарыстаў” восем чалавек, у тым ліку фігурантаў справы “Чорных салаўёў”

Архіўнае фота: tut.by

20 лютага, Позірк. Восем прозвішчаў дададзена ў абноўлены Камітэтам дзяржбяспекі 20 лютага спіс “асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці”.

Цяпер у спісе 1.563 чалавекі.

У пералік унесеныz Таццяна Магнусава (асуджана паводле арт. 130, арт. 361 Крымінальнага кодэкса), Раман Маханькоў, Аляксандр Мядзведзь (абодва — арт. 130), а таксама фігуранты справы “Чорных салаўёў”, якіх абвінавачвалі ў стварэнні анархісцкай ячэйкі і супрацоўніцтве з украінскімі спецслужбамі. Гэта Сяргей Жыгалёў (асуджаны на 12 гадоў пазбаўлення волі; арт. 130, ч. 4 арт. 295, арт. 289), Трафім Барысаў (12 гадоў; ч. 4 арт. 295, арт. 289), Аляксандра Пуліновіч (10 гадоў і 3 месяцы; ч. 4 арт. 295, арт. 289), Дзмітрый Захарошка (10,5 года; ч. 4 арт. 295, арт. 289) і Марыя Місюк (13 гадоў; арт. 341, ч. 1 арт. 13, ч. 3 арт. 289).

Усіх згаданых фігурантаў справы “Чорных салаўёў” праваабаронцы прызналі палітвязнямі. Грамадзянка Украіна Місюк — былая палітзняволеная, яна была вызвалена і выслана з краіны ў лістападзе 2025 года.

13 лютага ўсіх іх дадалі ў спіс “асоб, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці”.

16 лютага стала вядома, што прысуд у дачыненні да іх пакінуты без змен пасля разгляду калегіяй Вярхоўнага суда па крымінальных справах. Прыгавор фігурантам гэтай справы раней вынес Брэсцкі абласны суд.

Абвінавачанне сцвярджала, што гэтыя людзі “здзейснілі дзеянні па падрыхтоўцы да незаконнага вырабу самаробнай выбуховай прылады”, а таксама “правялі разведку для вызначэння найбольш уразлівага месца ў будынку Баранавіцкага РАУС, падрыў якога пацягнуў бы найбольшую шкоду жыццю і здароўю супрацоўнікаў органаў унутраных спраў”.

Фігуранты ў скаргах “аспрэчвалі кваліфікацыю сваіх дзеянняў, прасілі змяніць прысуд і знізіць тэрмін пакарання”.

Пра затрыманне непаўналетніх за падрыхтоўку тэрактаў у Беларусі нібыта па заданні Службы бяспекі Украіны паведамлялася ў ананімным фільме “Дзеці на прыцэле. Завербаваныя ворагам”, які выйшаў 29 красавіка 2024 года на дзяржаўным тэлеканале АНТ.

Паводле даных праваабарончага цэнтра “Вясна”, на момант затрымання КДБ у сакавіку 2024 года Місюк і Пуліновіч было 16 гадоў, Барысаву — 17. Дакладная дата нараджэння астатніх маладых людзей невядомая.

Даведка “Позірку”:

арт. 130 — распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы;

арт. 289 — акт тэрарызму;

арт. 295 — незаконныя выраб, набыццё, перадача ва ўладанне, збыт, захоўванне, перавозка, перасылка або нашэнне агнястрэльнай зброі;

арт. 341 — апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці;

арт. 361 — заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь.

Падзяліцца: