Мінск 16:35

Баркоўскі: Выбраць беларускую мову — акт грамадзянскай мужнасці

Фота: АПК

21 лютага, Позірк. Выкарыстоўваць беларускую мову ў штодзённых зносінах заклікаў прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) па нацыянальным адраджэнні Павел Баркоўскі з нагоды Міжнароднага дня роднай мовы, які адзначаецца 21 лютага.

Паводле яго слоў, стан беларускай мовы на радзіме працягвае пагаршацца.

“Усё менш школ, тэатраў і дзяржаўных медыя карыстаюцца беларускай мовай. Выбраць беларускую сёння — гэта ўжо не проста культурны жэст, а акт грамадзянскай мужнасці. Быць беларусам у Беларусі цяпер няпроста”, — адзначыў Баркоўскі.

Ён звярнуў увагу на “цяжкасці, з якімі сустракаюцца беларусы за межамі краіны”. На думку прадстаўніка АПК, асіміляцыя становіцца “звыклым і больш простым шляхам, чым аднаўленне і перадача роднай мовы сваім дзецям”.

“Тым не менш гэта наш сімвалічны абавязак перад уласнай культурай, продкамі і гісторыяй — ратаваць нашу спадчыну, не даць знікнуць адной з наймілагучнейшых моў Еўропы”, — сказаў Баркоўскі.

Пры гэтым, падкрэсліў ён, беларуская мова “ўсё больш становіцца мовай выбару маладых, крэатыўных і адукаваных колаў”: “Сёння гэта ўжо не мова вёскі ці правінцыі. Гэта мова сучаснай моладзі, спецыялістаў, грамадзянскай супольнасці. І гэта тычыцца і беларускіх палітыкаў: той, хто працуе з грамадскай думкай, павінен валодаць беларускай мовай — гэта знак павагі да беларусаў“.

Паводле слоў прадстаўніка АПК, руская мова “цяпер у рэгіёне становіцца элементам пагрозы і культурнай вайны”, ёй “можна карыстацца, але развіваць і любіць варта сваё”.

“Жадаю ўсім беларусам узгадваць і размаўляць роднай мовай не толькі 21 лютага, а і ўсе іншыя дні календара”, — адзначыў Баркоўскі.

Падзяліцца: