Мінск 18:00

У Мінску дваіх дзяцей вынялі з сям’і праз бацькоў, што злоўжываюць алкаголем

Ілюстрацыйнае фота: Brett Jordan / unsplash.com

24 лютага, Позірк. На падставе прадпісання пракурора Заводскага раёна Мінска камісія па справах непаўналетніх прызнала дваіх дзяцей асобамі, што маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне, прыняла рашэнне забраць іх у бацькоў і змясціць на дзяржзабеспячэнне, паведамляе прэс-служба нагляднага органа.

Двое непаўналетніх (2012 і 2018 г.н.) у верасні 2025 года былі прызнаныя асобамі, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы (СНС) “з прычыны вядзення бацькамі амаральнага ладу жыцця, у тым ліку злоўжывання алкагольнымі напоямі”.

“У адзін з днёў студзеня 2026 года падчас канфлікту, які ўзнік паміж бацькамі, маці непаўналетніх нанесла сужыцелю (бацьку аднаго з дзяцей) удар нажом, чым прычыніла яму цялесныя пашкоджанні. Пры гэтым у кватэры прысутнічалі дзеці, якія сталі відавочцамі здарэння”, — гаворыцца ў паведамленні.

Суседзі заявілі, што бацькі гэтых дзяцей “сістэматычна злоўжываюць алкаголем, запрашаюць у кватэру асоб, якія вядуць асацыяльны лад жыцця”. У сувязі з гэтым суседзі “неаднаразова звярталіся ў праваахоўныя органы”.

У Беларусі каля 2 тыс. дзяцей адабрана ў 1,8 тыс. бацькоў і цяпер маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне, паведаміла на прэс-канферэнцыі 17 лютага ў Мінску кансультант упраўлення выхаваўчай і сацыяльнай працы галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай, выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Алена Вайцяховіч.

Яшчэ 19 тыс. дзяцей у 9 тыс. сем’ях прызнаныя асобамі ў СНС.

У 2025 годзе бацькоўскіх правоў пазбаўлена 3.065 чалавек (у 2024-м — 3.155), вынікае з даных Вярхоўнага суда.

Падзяліцца: