Мінск 23:52

Ціханоўская заклікала быць сістэмна падрыхтаванымі да масавага вызвалення палітвязняў

Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

26 лютага, Позірк. Быць гатовымі “не рэактыўна, а сістэмна да масавага вызвалення палітвязняў” заклікала беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская падчас сустрэчы з арганізацыямі дапамогі палітвязням, якая адбылася ў Варшаве 26 лютага.

Як паведамляе прэс-служба дэмлідара, у сустрэчы ўзялі ўдзел прадстаўнікі Аб’яднання жанчын-палітзняволеных, фонду “Прытуляй мяне”, валанцёрскай службы праваабарончага цэнтра “Вясна”, Politzek.me, Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, Free Belarus Center, арганізацый Partyzanka, “Вольныя”, Аб’яднанага пераходнага кабінета і фонду “Краіна для жыцця”.

Удзельнікі сустрэчы абмеркавалі стан фінансавання экстраннай і доўгатэрміновай падтрымкі, пытанні выезду, легалізацыі і пагрозы паўторнага пераследу палітвязняў, наяўныя рэсурсы для забеспячэння жыллём, арганізацыю медыцынскай і псіхалагічнай рэабілітацыі вызваленых.

Ціханоўская падзякавала арганізацыям за штодзённую працу і салідарнасць, падкрэсліўшы, што вызваленне і рэабілітацыя палітвязняў — безумоўны прыярытэт офіса.

“Нам патрэбная каардынацыя, давер і супольнае планаванне, каб падтрымка была своечасовай і эфектыўнай. Таму сённяшняя сустрэча — важны крок да больш скаардынаванага супрацоўніцтва дзеля падтрымкі палітвязняў і іх сем’яў”, — сказала дэмлідар.

Падзяліцца: