Мінск 01:54

Літоўскія мытнікі канфіскавалі кантрабандныя цыгарэты са схованак у аўтамабілі, які прыбыў з Беларусі

27 лютага, Позірк. Аб выяўленні кантрабандных цыгарэт у схованках прыбыўшага з Беларусі аўтамабіля “Пежо 5008″ паведаміла 26 лютага Мытня Літвы.

Адзначаецца, што пасля таго, як рэнтгенаўская сістэма “зафіксавала незвычайна шчыльныя ўчасткі“ ў канструкцыі машыны, супрацоўнікі мытнага паста Мядзінінкай (з беларускага боку Каменны Лог) “выявілі, што ў аўтамабілі абсталяваныя спецыяльныя, старанна падрыхтаваныя схованкі, замаскіраваныя так, што з першага погляду іх немагчыма заўважыць“.

Схованкі знаходзіліся “за абліцоўкай арак пярэдніх колаў — у металічных, спецыяльна выразаных адсеках; пад пярэднім бамперам і ў канструкцыйных бэльках; побач з амартызатарамі і элементамі падвескі, дзе паражніны сфарміраваны так, каб выглядаць як частка кузава”.

З іх канфіскавана 25.480 цыгарэт (марка і краіна выпуску не названыя) агульным ацэначным коштам 6.000,54 еўра.

За гэтае правапарушэнне ў дачыненні да асобы, грамадзянства якой не называецца, складзены пратакол. Вінаваты будзе прыцягнуты да адказнасці згодна з Кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэннях Літвы (можа быць аштрафаваны на суму ад 200 да 6.000 еўра). Аўтамабіль правапарушальніка затрыманы.

Раней літоўская мытня паведаміла, што на памежным пераходзе Мядзінінкай у 2025 годзе зафіксавана 735 адміністрацыйных правапарушэнняў на суму блізу 1,5 млн еўра (штрафы, канфіскацыі), у пункце пропуску Шальчынінкай (Беняконі) — 681 (2 млн еўра).

Падзяліцца: