Мінск 11:19

Лукашэнка па-ранейшаму чакае актывізацыі дыялогу з Дамініканай

27 лютага, Позірк. Аб зацікаўленасці Беларусі ў актывізацыі міждзяржаўнага дыялогу з Дамініканскай Рэспублікай гаворыцца ў віншаванні Аляксандра Лукашэнкі прэзідэнту гэтай дзяржавы Луісу Радольфа Абінадеру Кароне з Днём незалежнасці.

На думку віншавальніка, якую прыводзіць яго прэс-служба, Мінск спадзяецца інтэнсіфікаваць кантакты ў “розных сферах”.

“Мы маем значны патэнцыял для ўстанаўлення і развіцця ўзаемавыгадных адносін у галінах прамысловасці, фармацэўтыкі, навукі і тэхналогій“, — падкрэсліў ён.

Лукашэнка перакананы, што сумеснымі намаганнямі краіны “здолеюць забяспечыць палітычнае і гандлёва-эканамічнае партнёрства на карысць двух народаў”.

У леташнім аналагічным пасланні ён адзначаў “добрыя перспектывы для актывізацыі супрацоўніцтва, асабліва ў прамысловасці і сельскай гаспадарцы, у мэтах павелічэння гандлю”.

1 кастрычніка 2024 года Лукашэнка прыняў даверчыя граматы ў амбасадара Дамініканскай Рэспублікі Арыяса Сарсуэлы. Дыпламат прадстаўляе інтарэсы краіны ў Расіі і па сумяшчальніцтве ў Беларусі.

У верасні 2023 года палітык сваім указам ухваліў у якасці асновы для правядзення перамоў праект міжурадавага пагаднення з Дамініканскай Рэспублікай аб узаемнай адмене віз. Правесці адпаведныя перамовы было даручана Міністэрству замежных спраў. Пра вынікі не паведамлялася.

Дыпламатычныя стасункі паміж Мінскам і Санта-Дамінга ўстаноўленыя 18 красавіка 2001 года.

За прадстаўленне інтарэсаў Беларусі ў Дамінікане адказвае амбасада на Кубе. Паводле інфармацыі на сайце дыпламатычнай місіі, структура беларускага экспарту ў краіну “нязначная і фармуецца за кошт трактароў, аўтамабільнай тэхнікі, запасных частак і шын”. У зваротным кірунку ідуць “моцныя спіртныя напоі, кава, садавіна, раслінныя тлушчы і масла”.

У 2021 годзе ўзаемны тавараабарот складаў каля 8,5 млн долараў, з якіх прыкладна 7,5 млн прыпадала на беларускія пастаўкі. Актуальных звестак па ўзаемным гандлі ў адкрытым доступе няма. Паводле звестак партала tradingeconomics.com, у 2021 годзе дамініканскі экспарт у Беларусь склаў 39,3 тыс. долараў ЗША.

24 лютага 2026 года Дамінікана, у адрозненне ад Беларусі, прагаласавала за прапанаваную Украінай рэзалюцыю аб падтрыманні трывалага міру ў гэтай краіне. Дакумент быў прымеркаваны да чацвёртай гадавіны поўнамаштабнай агрэсіі Расіі пры падтрымцы рэжыму ў Мінску.

Падзяліцца: