Мінск 19:14

У 2025 годзе амаль 300 чалавек асуджаныя за “гвалт, абразу і супраціў” супрацоўнікам міліцыі — МУС

27 лютага, Позірк. Амаль 300 чалавек асуджана ў 2025 годзе за “гвалт альбо пагрозу прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, а таксама за абразу і супраціў ім”, паведамляе прэс-служба МУС.

Разам з тым, заяўляе ведамства, “прафілактычная праца, якая праводзіцца, дае адчувальныя вынікі, агульная колькасць падобных крымінальных дзеянняў значна скарацілася”.

“Галоўнае ўпраўленне ўласнай бяспекі міліцэйскага ведамства пастаянна праводзіць комплекс мерапрыемстваў па абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і вайскоўцаў унутраных войскаў МУС”, — гаворыцца ў паведамленні.

Адзначаецца, што супрацоўнікі МУС “нярэдка сутыкаюцца з агрэсіяй, канфліктамі, прамымі пагрозамі іх жыццю і здароўю”. Як правіла, такія сітуацыі ўзнікаюць “пры выбыцці на паведамленні аб злачынствах, адміністрацыйных правапарушэннях і іншых здарэннях”.

“На фоне цыфравізацыі і росту інфармацыйных плыняў таксама рэгіструюцца факты правакацый, распаўсюджвання ілжывых звестак і спробы ціску на міліцыянтаў у інтэрнэце. Гэтыя дзеянні не застануцца беспакаранымі! З мэтай адсочвання супрацьпраўных дзеянняў бесперапынна праводзіцца маніторынг сусветнага павуціння”, — заявілі ў ведамстве.

У МУС адзначылі, што “неправамерныя дзеянні ў дачыненні да вартавых парадку, у тым ліку з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікатыўных тэхналогій, — гэта замах на грамадскую бяспеку”. Кожнаму такому факту даецца “прынцыповая ацэнка, а вінаватыя прыцягваюцца да адказнасці”.

“За супрацьпраўныя дзеянні ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі законам устаноўленыя жорсткія меры адказнасці, у тым ліку пазбаўленне волі на тэрмін да сямі гадоў!” — прыгразіла міністэрства.

Пасля фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе супрацоўнікі МУС і іншых сілавых ведамстваў жорстка здушвалі мірныя акцыі пратэсту. Па фактах гвалту з іх боку, зафіксаваных СМІ і грамадзянамі на шматлікіх відэа, не было распачата ніводнай справы. У той жа час за супраціў гвалту ўдзельнікаў пратэсту судзілі па крымінальных абвінавачваннях, як правіла, прыгаворваючы да пазбаўлення волі.

У 2020 годзе фіксавалася таксама гібель пратэстоўцаў ад дзеянняў сілавікоў. Адказнасць за смерць людзей ніхто не панёс.

Падзяліцца: