Мінск 19:51

Латушка прапанаваў Украіне ўзмацніць санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі

Ілюстрацыйнае фота: pixabay.com

27 лютага, Позірк. Намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК), кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Павел Латушка накіраваў упаўнаважанаму прэзідэнта Украіны ў пытаннях санкцыйнай палітыкі Уладзіславу Уласюку зварот з просьбай зрабіць больш жорсткім абмежаванні ў дачыненні да рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Пра гэта паведамляецца ў тэлеграм-канале АПК.

Зварот быў накіраваны 24 лютага 2026 года, у гадавіну пачатку поўнамаштабнай агрэсіі Расіі супраць Украіны, у ім “утрымліваюцца комплексныя прапановы па ўзмацненні санкцыйнага ціску на рэжым Лукашэнкі”, адзначаецца ў паведамленні.

“Сярод канкрэтных прапаноў — увядзенне блакавальных санкцый супраць банкаў, падлучаных да расійскай сістэмы перадачы фінансавых паведамленняў (СПФС), пашырэнне абмежаванняў на беларускі экспарт угнаенняў, звадкаванага газу, рапсавага алею і торфу, а таксама ўзмацненне кантролю над “ілжывым транзітам” праз Беларусь. Акрамя таго, прапануецца пашырыць персанальныя санкцыі на атачэнне Лукашэнкі, прапагандыстаў і суддзяў”, — заявіў Латушка.

Пры гэтым намеснік кіраўніка АПК “асобна акцэнтаваў увагу на ролі структур Саюзнай дзяржавы ў расійскай агрэсіі і незаконным перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей”.

“Аб’яднаны пераходны кабінет Беларусі і НАУ пацвярджаюць гатоўнасць да далейшага экспертнага ўзаемадзеяння з украінскім бокам для выпрацоўкі эфектыўных рашэнняў па ўзмацненні ціску на рэжым Лукашэнкі і сумесным лабіяванні новых санкцыйных рашэнняў супраць рэжыму як з боку ЕС, так і іншых дэмакратычных краін”, — падкрэсліў Латушка.

Да звароту, як паведамляецца, прыкладзеныя “аналітычныя матэрыялы” з канкрэтнымі пералікамі прадпрыемстваў і фізічных асоб, у дачыненні да якіх прапануецца ўвесці санкцыі.

Аб увядзенні Украінай санкцый супраць Лукашэнкі прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паведаміў у сваім тэлеграм-канале 18 лютага.

Зяленскі заявіў, у прыватнасці, што Украіна “актывізуе супрацьдзеянне ўсім формам садзейнічання” Лукашэнкі “забойствам украінцаў” і будзе “працаваць з партнёрамі так, каб гэта мела глабальны эфект”.

Латушка ў звароце на імя Уладзіслава Уласюка падзякаваў украінскаму кіраўніцтву за ўжо прынятыя меры, назваўшы іх “важным палітычным сігналам рэжыму і знакам падтрымкі дэмакратычных сіл Беларусі”.

Падзяліцца: