Мінск 17:44

Лукашэнка і Пуцін даручылі МЗСам не дапускаць выканання тых рашэнняў замежных органаў, якія “супярэчаць міжнароднаму праву”

На палях ВДС у Маскве (люты 2026 года)
Фота: прэс-служба Лукашэнкі

28 лютага, Позірк. Міністэрствам замежных спраў Беларусі і Расіі даручана “сумесна вызначаць і рабіць захады па недапушчэнні выканання тых рашэнняў міжнародных і замежных органаў крымінальнага пераследу, судоў і арбітражоў, якія супярэчаць міжнароднаму праву”, наносяць шкоду Мінску і Маскве, а таксама правам, свабодам і законным інтарэсам грамадзян і правам і законным інтарэсам юрыдычных асоб дзвюх дзяржаў”.

Такое распараджэнне ўтрымліваецца ў дырэктыве № 1 “Аб узаемнай падтрымцы і супрацы ў галіне міжнароднага правасуддзя”, прынятай Вышэйшым дзяржсаветам (ВДС) Саюзнай дзяржавы 26 лютага ў Маскве.

Згодна з дакументам, падпісаным Аляксандрам Лукашэнкам у якасці старшыні ВДС, “кампетэнтным органам выканаўчай улады” ды іншым дзяржорганам дзвюх краін у рамках сваіх паўнамоцтваў належыць забяспечваць “сумесную працу па абароне інтарэсаў” Беларусі і РФ — “уключаючы ўзаемнае аказанне юрыдычнай дапамогі і іншай падтрымкі” — у міжнародных і замежных судовых і арбітражных разбіральніцтвах па міждзяржаўных спрэчках, у тым ліку ў Міжнародным судзе ААН.

Акрамя таго, ім даручана праводзіць скаардынаваныя дзеянні ў міжнародных арганізацыях і аб’яднаннях — у першую чаргу ў рамках сістэмы ААН — “для супрацьдзеяння злоўжыванню механізмамі судаводства ў парушэнне прынцыпаў і нормаў міжнароднага права ў мэтах нанясення шкоды інтарэсам” Беларусі і РФ, правам, свабодам і законным інтарэсам грамадзян і правам і законным інтарэсам юрыдычных асоб дзвюх краін.

МЗС Расіі звязаў прыняцце гэтай дырэктывы з “занепакоенасцю ўсё большай палітызацыяй міжнародных судовых органаў, якая выяўляецца ў злоўжыванні шэрагам дзяржаў заходняга лагера правам на зварот у міжнародныя суды і арбітражы і на ўступленне ў справу ў якасці трэцяга боку, а таксама недатрыманні нормаў пра суверэнныя імунітэты дзяржаў, дзяржаўных службовых асоб і дзяржаўнай уласнасці”.

“Скаардынаваныя дзеянні гэтых дзяржаў маюць прыкметы масавай кампаніі, нацэленай на выкарыстанне сістэмы міжнароднага правасуддзя для ўсчынення ціску на сваіх палітычных апанентаў, — гаворыцца ў паведамленні расійскага знешнепалітычнага ведамства. — Асаблівую трывогу выклікаюць дзеянні так званага Міжнароднага крымінальнага суда, якія супярэчаць міжнароднаму праву”.

На думку МЗС РФ, “дэстабілізацыя сістэмы міжнароднага правасуддзя” адбываецца на фоне “спробаў падмены міжнароднага права канцэпцыяй “мірапарадку, заснаванага на правілах”, асноўнай рысай якога з’яўляецца падрыў прынцыпу суверэннай роўнасці дзяржаў і прасоўванне неакаланіяльнага гегеманізму “калектыўнага Захаду” на чале з ЗША”.

Сцвярджаецца, што такія тэндэнцыі “нясуць пагрозу стабільнасці міжнародных праваадносін і асноватворным прынцыпам суверэннай роўнасці дзяржаў і мірнага вырашэння міжнародных спрэчак, а таксама паўнавартаснай міжнароднай супрацы ў сферах барацьбы з тэрарызмам, ваеннымі злачынствамі ды іншымі формамі злачыннасці, абароны асноўных правоў і свабод чалавека”.

Генеральная Асамблея ААН неаднаразова прымала рэзалюцыі, у якіх асуджала Расію за ваенную агрэсію ў дачыненні да Украіны, то бок за парушэнне міжнароднага права.

17 сакавіка 2023 года палата папярэдняй вытворчасці Міжнароднага крымінальнага суда (МУС) выдала ордары на арышт дзвюх асоб у кантэксце сітуацыі ва Украіне: Уладзіміра Пуціна і ўпаўнаважанай па справах дзіцяці пры прэзідэнце Расіі Марыі Львовай-Бяловай. У заяве МУС адзначалася, што Пуцін “меркавана нясе адказнасць за здзяйсненне ваеннага злачынства ў выглядзе незаконнай дэпартацыі насельніцтва (дзяцей) і незаконнай перадачы насельніцтва (дзяцей) з акупаваных раёнаў Украіны ў Расійскую Федэрацыю”.

У 2024 годзе ў рамках той жа справы былі выдадзеныя ордары на арышт былога міністра абароны, дзейнага сакратара Савета бяспекі Расіі Сяргея Шайгу ды іншых асоб, якіх МУС лічыць датычнымі да згаданых ваенных злачынстваў.

30 верасня 2024 года ўрад Літвы перадаў у офіс пракурора МУС матэрыялы пра “трансгранічныя злачынствы супраць чалавечнасці, здзейсненыя Лукашэнкам і яго паплечнікамі ў дачыненні да беларусаў”. Рашэнне палаты папярэдняй вытворчасці па гэтым пытанні пакуль не апублікаванае.

19 траўня 2025 года стала вядома, што Літва накіравала заяву ў Міжнародны суд ААН пра парушэнне Беларуссю сваіх абавязацельстваў у рамках Пратакола супраць незаконнага ўвозу мігрантаў па сушы, мору і паветры ад 15 лістапада 2000 года, які дапаўняе Канвенцыю Арганізацыі Аб’яднаных Нацый супраць транснацыянальнай арганізаванай злачыннасці.

Падзяліцца: