Мінск 15:03

У бальніцы Дзяржынска пасля смерці парадзіхі спынена выкарыстанне прэпарата, які яна атрымлівала

Ілюстрацыйнае фота: Рэспубліканскі клінічны медцэнтр

10 сакавіка, Позірк. Пасля нядаўняга выпадку са смерцю жанчыны падчас родаў у Дзяржынскай цэнтральнай раённай бальніцы (Мінская вобласць) спынена выкарыстанне прэпарата, які яна атрымлівала, паведаміла Міністэрства аховы здароўя са спасылкай на начальніка галоўнага ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі ведамства Леаніда Нядзеня.

Пры гэтым чыноўнік не назваў прэпарат. Паводле яго слоў, зараз працуе адмысловая камісія ў складзе пазаштатных спецыялістаў Мінздароўя, ацэньваюцца ўсе этапы аказання медыцынскай дапамогі жанчыне. “Канчатковы дыягназ будзе вызначаны пасля атрымання вынікаў паталагаанатамічнага ўскрыцця і правядзення судова-медыцынскай экспертызы”, — сказаў Нядзень.

Інфармацыя пра тое, што 26-гадовая жанчына, якая знаходзілася на 34-м тыдні цяжарнасці (норма — 37–42 тыдні), памерла 8 сакавіка падчас родаў, распаўсюдзілася ў сацыяльных сетках. Паведамлялася, што дзіця таксама не выжыла. Было выказана меркаванне, што смерць наступіла вельмі хутка — праз анафілактычны шок — нібыта пасля прымянення аднаго прэпарата.

Анафілактычны шок — небяспечная для жыцця, імгненная алергічная рэакцыя, якая развіваецца пры паўторным кантакце з алергенам.

Паводле афіцыйных даных, зараз у Беларусі каэфіцыент мацярынскай смяротнасці не перавышае 1,5 выпадка на 100 тыс. жыванароджаных. У 1993 годзе гэты паказчык складаў 20,4.

На пачатку 2025 года Нацыянальны статыстычны камітэт абвінаваціў ААН у скажэнні статыстыкі па Беларусі. Паводле слоў старшыні Белстата Іны Мядзведзевай, даныя па Беларусі былі пераправераныя і выявілася, што шэраг звестак прадстаўлены на аснове экспертных ацэнак і недакладнай інфармацыі. Былі накіраваныя запыты ў адпаведныя арганізацыі.

Мядзведзева паведаміла, што паказчык мацярынскай смяротнасці, які, паводле яе сцвярджэння, у Беларусі імкнецца да нуля, актуалізаваны.

Падзяліцца: