Мінск 18:43

Футбольны функцыянер Захарчанка ачоліў федэрацыю тэніса — замест экс-гандбаліста Рутэнкі, які збіраецца кіраваць баскетболам

Аляксандр Захарчанка
Фота: НАК

10 сакавіка, Позірк. 52-гадовы Аляксандр Захарчанка абраны 10 сакавіка старшынёй Беларускай тэніснай федэрацыі (БТФ), паведамляе Нацыянальны алімпійскі камітэт.

Захарчанка раней працаваў у футбольным клубе БАТЭ (Барысаў, Мінская вобласць), доўгі час быў намеснікам кіраўніка і заснавальніка клуба Анатоля Капскага (памёр у 2018 годзе). З’яўляўся намеснікам генеральнага дырэктара Мінскага аўтамабільнага завода (МАЗ).

“У найбліжэйшы час пастараюся больш глыбока ўнікнуць у працу федэрацыі, — сказаў Захарчанка пасля абрання на справаздачна-выбарнай канферэнцыі БТФ. — Бачу, што асноўныя напрамкі — развіццё тэніса ў рэгіёнах. Від спорту добра ўмацаваўся ў матэрыяльнай базе, але ёсць запыт на павышэнне кваліфікацыі трэнерскага складу. Павышэнне канкурэнтаздольнасці членаў нацыянальнай зборнай, рэзерву — гэта таксама найбліжэйшыя задачы, якія бачу перад сабой”.

Ад лістапада 2021 года БТФ кіраваў Сяргей Рутэнка — былы гандбаліст, які выступаў за зборную Беларусі, а таксама вядомыя замежныя клубы (іспанскія “Барселону”, “Сьюдад-Рэаль”, славенскі “Цэле” і інш.).

Раней паведамлялася, што 44-гадовы Рутэнка вылучаны кандыдатам на пасаду старшыні Беларускай федэрацыі баскетбола (БФБ).

Старшынёй БФБ з 2014 года з’яўляецца Максім Рыжанкоў — дзеючы міністр замежных спраў, сын цяпер ужо нябожчыка, былога баскетбаліста, першага прэзідэнта Нацыянальнага алімпійскага камітэта Уладзіміра Рыжанкова (1945–1996).

Падзяліцца: