Мінск 21:47

Базавая інфляцыя ў лютым склала 6,8% у гадавым вымярэнні — Нацбанк

10 сакавіка, Позірк. Базавая інфляцыя (не ўлічвае сезонныя тавары, а таксама тавары і паслугі, якія часта змяняюцца ў цане ў кароткатэрміновай перспектыве або рэгулююцца дзяржавай) у лютым 2026 года склала 6,8% (тут і далей у гадавым выражэнні), вынікае з апублікаванага Нацыянальным банкам агляду інфляцыйных працэсаў.

У студзені 2026 года гэты паказчык быў роўны 6,9%, у снежні 2025-га — 7,3%.

Рост цэн на плодаагароднінную прадукцыю (сезонныя тавары) у мінулым месяцы склаў 5,6% (+3,7% і +4,9% адпаведна).

Цэны, што рэгулююцца дзяржавай і тарыфы выраслі да 3,9% (+6,6%, +6,4%).

Агрэгаваны паказчык трэндавай інфляцыі (індыкатар інфляцыі, ачышчаны ад уплыву рознага роду шокаў) павялічыўся на 5,7% (+6,0% і +6,3%).

Спажывецкія цэны ў лютым 2026 года выраслі на 0,6%, ад пачатку года — на 1%.

Памесячныя паказчыкі “дапушчальнага росту цэн” да канца 2026 года зацверджаны пастановай Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю № 84 ад 30 снежня 2025-га.

Гадавы прырост не павінен перавысіць 7%, як і закладзена ў зводзе найважнейшых прагнозных паказчыкаў развіцця Беларусі.

У студзені цэны не павінны былі вырасці больш чым на 0,7% да ўзроўню снежня 2025-га (фактычна +0,5%), у лютым (з нарастаючым вынікам) — не больш чым на 2% (1%).

Далей: сакавік — 2,5%, красавік — 3,1%, травень — 3,4%, чэрвень — 3,8%, ліпень — 4%, жнівень — 4,2%, верасень — 4,9%, кастрычнік — 5,5%, лістапад — 6,2%.

Падзяліцца: