Мінск 19:30

Беларус, які перавозіў кантрабандныя цыгарэты, напаў на польскага мытніка

Архіўная ілюстрацыя: strazgraniczna.pl

13 сакавіка, Позірк. Пра затрыманне беларуса, які перавозіў кантрабандныя цыгарэты ў тайніках аўтамабіля Land Rover, паведаміла 13 сакавіка Люблінская мытна-падатковая служба ў Бяла-Падлясцы (Польшча).

Інцыдэнт адбыўся на пункце пропуску Цярэспаль (з беларускага боку Брэст). Адзначаецца, што падчас пільнай праверкі мытнікі “выявілі змены ў канструктыўных элементах аўтамабіля”. У прыватнасці, былі перароблены цэнтральны тунэль, ланжэроны, парогі і падлога. “Выявілася, што прычынай гэтых змен была неабходнасць прыстасавання аўтамабіля для кантрабанды. У схованках супрацоўнікі знайшлі больш за 1,1 тыс. пачак цыгарэт без польскіх акцызных марак”, — адзначаецца ў рэлізе.

Паведамляецца, што “падчас правядзення мерапрыемстваў адбылася небяспечная сітуацыя: мужчына, якога правяралі, напаў на супрацоўніка мытна-падатковай службы, які выконваў свае службовыя абавязкі”. Выкліканыя на месца супрацоўнікі паліцыі затрымалі парушальніка.

У дачыненні да грамадзяніна Беларусі распачатая крымінальная падатковая справа, а аўтамабіль, прыстасаваны для кантрабанды, канфіскаваны. Мужчыну таксама абвінавацілі ў парушэнні недатыкальнасці службовай асобы. Гэтае злачынства караецца пазбаўленнем волі да 3 гадоў. Супрацоўнікі мытна-падатковай службы таксама накіравалі ў памежную службу хадайніцтва аб вынясенні рашэння пра вяртанне замежніка ў краіну яго грамадзянства”, — гаворыцца ў паведамленні.

Падзяліцца: