Мінск 14:08

СК пачаў расследаваць крымінальную справу журналісткі Ваданосавай па артыкуле аб “рэабілітацыі нацызму”

Кацярына Ваданосава
Архіўны відэазапіс: ютуб-канал "Будзьма беларусамі" / стоп-кадр: "Позірк"

16 сакавіка, Позірк. Следчы камітэт прыняў да вытворчасці і распачаў расследаванне крымінальнай справы паводле ч. 3 арт. 1301 КК (рэабілітацыя нацызму), узбуджанай Генеральнай пракуратурай у дачыненні да 39-гадовай Кацярыны Ваданосавай (Каланчук-Ваданосавай).

Паводле сцвярджэння СК, Каланчук-Ваданосава, “знаходзячыся за мяжой і дзейнічаючы ў шчыльнай змове з экстрэмісцкімі фарміраваннямі, праз падкантрольны ім публічны ютуб-канал сістэматычна і мэтанакіравана вырабляе і распаўсюджвае матэрыялы, скіраваныя на рэабілітацыю нацызму”.

“Асноўная мэта — рэалізацыя ідэалагічнай дыверсіі, замаскаванай пад “асветніцкія лекцыі”. Прадстаўляючы сябе “экспертам” па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, яна груба фальсіфікуе і перакручвае гістарычныя факты, маніпулюючы асобнымі эпізодамі беларускай гісторыі для рэабілітацыі нацызму і гераізацыі яго паслядоўнікаў”, — гаворыцца ў паведамленні.

Сцвярджаецца, што ў “роліках адкрыта ўзвялічваецца галоўны нацысцкі злачынец на беларускай зямлі — генеральны камісар “Беларутэніі” Вільгельм Кубэ, які непасрэдна адказны за знішчэнне не менш як 50.000 яўрэяў у Мінскім гета ў 1942 годзе і праводзіў палітыку татальнага знішчэння”.

“Услаўляюцца таксама памагатыя акупантаў — члены “Дапаможнай паліцыі”, “Беларускай цэнтральнай рады” ды іншых калабарацыянісцкіх адзінак, якія заплямілі сябе крывёй дзясяткаў тысяч беларусаў, рускіх, габрэяў і прадстаўнікоў іншых народаў ды нацыянальнасцяў, — заяўляе СК. — Асаблівая небяспека гэтай дзейнасці заключаецца ў мэтанакіраваным дэструктыўным уздзеянні на свядомасць насельніцтва. Кантэнт наўмысна разлічаны на неабмежаваную аўдыторыю, асабліва на моладзь, і скіраваны на тое, каб перапісаць гісторыю, апраўдаць нацысцкія злачынствы, сеяць рэваншысцкія настроі і падрываць фундаментальныя каштоўнасці беларускага народа — памяць пра Вялікую Перамогу, павагу да подзвігу продкаў, непрымірымасць да нацызму і фашчзму”.

Пра тое, што Генпракуратура ўзбудзіла крымінальную справу ў дачыненні да 39-гадовай ураджэнкі Мінска паводле згаданага артыкула, стала вядома 11 сакавіка. Пры гэтым наглядны орган не назваў яе імя. Шэраг апублікаваных ведамствам дэталяў дазволіў выказаць здагадку, што крымінальная справа ўзбуджаная менавіта ў дачыненні да Ваданосавай.

У роліку “Галоўны міф Другой сусветнай — забойства гаўляйтара Вільгельма Кубэ. Што не так?”, які выйшаў на ютуб-канале “Будзьма беларусамі”, Ваданосава прадставіла альтэрнатыўны погляд на гістарычны факт.

Ваданосава — беларуская тэлевядоўца, блогер, спявачка, гісторык паводле адукацыі. Пасля палітычна матываванага пераследу была вымушаная пакінуць Беларусь з сям’ёй. Цяпер пражывае ў Польшчы. У эміграцыі перанесла анкалагічнае захворванне.

Член Каардынацыйнай рады (“Каманда Латушкі і Рух “За свабоду”).

У 2021 годзе быў прыняты закон “Аб генацыдзе беларускага народа”. Пад беларускім народам у кантэксце дакумента “разумеюцца савецкія грамадзяне, якія пражывалі на тэрыторыі Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны і (або) пасляваенны перыяд” (да 31 снежня 1951 года).

За рэабілітацыю нацызму паводле арт. 1301 КК прадугледжвае адказнасць у выглядзе штрафу, арышту, абмежавання ці пазбаўлення волі на тэрмін да 5 гадоў.

Незалежныя гісторыкі і эксперты лічаць, што ўлады выкарыстоўваюць тэму рэабілітацыі нацызму і генацыду беларускага народа для дыскрэдытацыі апанентаў. Пра гэта, у прыватнасці, сведчыць змест кнігі “Генацыд беларускага народа”, якая выйшла пад рэдакцыяй на Андрэя Шведа (на той момант займаў пасаду генеральнага пракурора, у снежні 2025-га ўзначаліў Вярхоўны суд). У кнізе сцвярджаецца, што масавыя пратэсты супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 2020 года з’яўляюцца спробай дзяржаўнага перавароту з выкарыстаннем нацысцкай ідэалогіі. Акрамя таго, да генацыду фактычна прыраўнаваны антысавецкі супраціў у першыя пасляваенныя гады.

Падзяліцца: